Рассельгаснагляд забараніў пастаўкі чатырох беларускіх прадпрыемстваў

Рассельгаснагляд забараніў пастаўкі чатырох беларускіх прадпрыемстваў

17 жніўня Рассельгаснагляд увёў часовыя абмежаванні на пастаўкі прадукцыі з чатырох беларускіх прадпрыемстваў. Як паведамляецца на сайце расійскага ведамства, пад расійскія санкцыі трапілі наступныя прадпрыемствы: СТАА "Белсыр", ГП "Малочны гасцінец", ААТ "Полацкі малочны камбінат", ТАА "Біякам". Першыя тры займаюцца выпускам малочнай прадукцыі, чацвёртае — камбікормаў.

У каментары "Российской газете" кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт паведаміў, што адзін з беларускіх малочных заводаў пастаўляў прадукцыю па падробленых сертыфікатах якасці: самі сертыфікаты былі выдадзеныя да выпуску самой прадукцыі. Другі завод пастаўляў прадукцыю іншых прадпрыемстваў, што забаронена Рассельгаснаглядам. Прэтэнзіі да трэцяга прадпрыемства ўзніклі з-за тлушчава-кіслотнага складу прадукцыі. А прадукцыя камбікормавага завода трапіла пад забарону праз утрыманне незарэгістраваных ГМА.

Дарэчы, з 13 жніўня Рассельгаснагляд ужо забароніў пастаўкі ў Расію прадукцыі з трох беларускіх прадпрыемстваў — Ваўкавыскага ААТ "Беллакт", ААТ "Рагачоўскі малочна-кансервавы камбінат" і ПУП "Калінкавіцкі малочны камбінат".

Агулам сёлета ў часовых кантрольных ветэрынарных пунктах пры дакументальным кантролі супрацоўнікі расійскага ведамства выявілі 181 парушэнне. Прычым 124 з іх (68%) — гэта парушэнні, дапушчаныя супрацоўнікамі дзяржаўнай ветэрынарнай службы Рэспублікі Беларусь пры сертыфікацыі прадукцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі