Расійскія праваабаронцы заклікаюць перавесці Саўчанку пад хатні арышт

Сябра Савета па правах чалавека пры прэзідэнце Расіі Алена Масюк заклікае перавесці пад хатні арышт украінскую лётчыцу Надзею Саўчанку, якая болей за 70 дзён трымае галадоўку ў маскоўскім СІЗА. Масюк просіць астатніх сябраў Савета падтрымаць яе заклік да ўладаў.

“Першы чым вы, шаноўныя калегі, вырашыце апаніраваць мне з прычыны таго, што, магчыма, вы лічыце Саўчанка злачынцай і забойцай, і будзеце сцвярджаць, што суд ва ўсім разбярэцца, згадайце мае словы: Надзея Саўчанка можа памерці ў бліжэйшыя дні”, — гаворыцца ў звароце Масюк.

Паводле праваабаронцы, стан украінскай ваеннай апошнімі днямі рэзка пагоршыўся. Яна ўжо 15 дзён адмаўляецца ад ін’екцыяў глюкозы, і ў яе пачаліся сур’ёзныя праблемы з унутранымі органамі. Таму Алена Масюк прапануе перавесці Саўчанку пад хатні арышт у сценах украінскай амбасады або ў арандаванай адвакатамі кватэры ў Маскве.

У аўторак, 24 лютага Маскоўскі гарадскі суд прызнаў законным працяг арышту Саўчанка да сярэдзіны траўня і адмовіўся задаволіць хадайніцтва абароны аб змяненні меры стрымання. Абарона сумняецца, што справа дойдзе да суда, бо следчыя органы не могуць скончыць расследаванне.

Надзею Саўчанку абвінавачваюць у гібелі дваіх расійскіх журналістаў летам мінулага года пад Луганскам. Сама лётчыца абвяргае гэтыя абвінавачанні, перадае ВВС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі