Расійскі гастарбайтар у Астраўцы хацеў пляшку гарэлкі за ключы ад чужога аўто

Расійскі гастарбайтар у Астраўцы хацеў пляшку гарэлкі за ключы ад чужога аўто

У Астраўцы гастарбайтар з Расіі угнаў аўто і разбіў яго. Падрабязнасці ДТЗ у гутарцы з журналістамі сайта autogrodno.by распавёў гаспадар машыны Дзмітрый. 

Мужчына кажа, што прыехаў у Астравец у камандзіроўку і згубіў ключы, калі ішоў да дому. "Іх адразу знайшла кампанія хлопцаў, вылічыла машыну і пакінула запіску: "Вернем ключы за бутэльку гарэлкі", — кажа гаспадар аўто.

Мужчына нават не паспеў пабачыць запіску, калі яму затэлефанавалі з міліцыі і спыталіся, ці яму належыць Audi C3 з такімі і такімі нумарамі. Ён пацвердзіў, што гэта яго машына і яна стаіць каля пад'езда. "Толькі што яна перакулілася каля кальцавой развязкі", — паведамілі яму даішнікі.

Выявілася, што кампанія, якая знайшла ключы, выпівала дома. А потым аднаму з іх стала сумна, ён узяў чужы аўтамабіль і некуды паехаў. На кальцавой развязцы мужчына не справіўся з кіраваннем, і аўто некалькі разоў перакулілася. Пры гэтым з салона выпалі бутэлька гарэлкі і піва, якія ўгоншчык узяў з сабой.

Дарэчы, сам угоншчык амаль не пацярпеў — у яго толькі ўдары і драпіны. Ён нават уцёк з лякарні, у якую яго прывезлі. "У Астраўцы быў абвешчаны план "Перахоп", і міліцыя змагла знайсці збеглага. Яго вярнулі ў лякарню і прыставілі да яго ахову. Зараз ён арыштаваны на 72 гадзіны", — распавядае гаспадар аўто.

Выявілася, што ўгоншчык — расіянін, які прыехаў на працу ў Астравец. На яго пачалі крымінальную справу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі