Вы тут

Расіянка Сапега напісала Лукашэнку прашэнне аб памілаванні

Сафія Сапега / Скрыншот з відэа МУС

Расіянка Сафія Сапега напісала Аляксандру Лукашэнку прашэнне аб памілаванні. Пра гэта ў эфіры радыёстанцыі "Эхо Москвы" паведаміў яе айчым Сяргей Дудзіч.

“Нейкае рашэнне можа быць прынятае толькі пасля суда, — кажа ён. — Але мы ўсё ж такі спадзяемся на памілаванне [Лукашэнкі]".

Напярэдадні стала вядома, што крымінальную справу грамадзянкі РФ перадалі пракурору для накіравання ў суд. Сафію абвінавачваюць па сямі артыкулах КК. Гэта — "распальванне варожасці ў складзе групы асоб", "арганізацыя гвалту і пагроз у дачыненні да міліцыянераў", "пагрозы, паклёп ці распаўсюд звестак пра міліцыянераў", "арганізацыя гвалту і пагроз у дачыненні да службовых асоб", "арганізацыя пагрозы забойствам ці гвалту ў дачыненні да суддзяў", "перашкода дзейнасці журналістаў з пагрозай ужывання гвалту" і "наўмысны збор інфармацыі і персанальных звестак іншай асобы".

У МЗС Расіі заявілі, што спадзяюцца на "слушнае рашэнне" ўладаў Беларусі.

Сапега была затрыманая ў траўні 2021-га разам з журналістам Раманам Пратасевічам у мінскім аэрапорце пасля пасадкі самалёта Ryanair, які ляцеў з Афінаў ў Вільнюс. Спачатку расіянку трымалі ў СІЗА, а з чэрвеня разам з Пратасевічам яна была пад хатнім арыштам.

Па словах Сяргея Дудзіча, Сафія з восені знаходзіцца пад хатнім арыштам у Лідзе ў кватэры маці, жыве адна, кантактуе з адвакатам. Маці з ёй бачылася ў Следчым камітэце.

Беларускія праваабаронцы прызналі Сапега палітзняволенай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.