Расіяне штурмуюць Аўдзееўку і прынц Уільям у Польшчы — 393-я раніца вайны

Прынц Уільям на вайсковай базе на мяжы з Украінай / PA Media
Прынц Уільям на вайсковай базе на мяжы з Украінай / PA Media

Расійскія войскі, падобна, змянілі прыярытэт у наступе. Тэмпы расійскіх аперацый каля Бахмута запавольваюцца. А каля Аўдзееўкі, наадварот, нарастаюць. Пра гэта гаворыцца ў чарговай справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW). "Расійскія войскі, падобна, сцягваюць больш баявой моцы ў раён Аўдзееўкі, што можа дазволіць ім павялічыць тэмпы прасоўвання. Хоць пацверджаных расійскіх дасягненняў у гэтым раёне 22 сакавіка не было", — адзначаюць экспэрты. Яны таксама мяркуюць, што расійскія поспехі могуць прымусіць украінскія сілы сысці з Бахмута і/або Аўдзееўкі, "хоць на гэты момант ні тое, ні іншае не ўяўляецца верагодным". І наогул у Інстытуце не бачаць падстаў для "адчувальных вынікаў" гэтых расійскіх аперацый, бо агульны вясновы наступ Расіі набліжаецца да кульмінацыі.

У Генштабе УСУ адзначаюць, што за мінулыя суткі на ўсходнім участку фронту Сілы абароны адбілі 83 расійскія атакі. Расійскія крыніцы са свайго боку сцвярджаюць, што "расійскія сілы кантралююць ужо блізу 70 адсоткаў тэрыторыі" Бахмута. І за апошнія суткі падраздзяленні групы "Вагнер" здолелі прасунуцца тут "практычна на ўсіх напрамках". Акрамя таго, па словах той жа крыніцы, аднавіліся актыўныя наступальныя дзеянні пад Белагораўкай на Лісічанскім участку. У Генштабе УСУ кажуць, што расійскія наступальныя дзеянні ў раёне Белагораўкі, у Таксама Макееўкі і Верхнекаменскага, поспеху не мелі. 

Россияне штурмуют Авдеевку и принц Уильям в Польше — 393-е утро войны
Сітуацыя каля Бахмута / understandingwar.org

У ISW таксама лічаць, што атака беспілотнікамі і ракетамі па Украіне ў ноч з 21 на 22 сакавіка "паказвае на тое, што расійскія сілы працягваюць змагацца з недахопам высокадакладных ракет". Са слоў украінскага Генштаба, расійскія войскі нанеслі ўчора 21 удар беспілотнікамі па жылых раёнах і аб'ектах інфраструктуры ў Кіеўскай, Жытомірскай, Запарожскай і Адэскай абласцях. Украінскія сілы збілі 16 беспілотнікаў. У Запарожжы расійскія ракеты патрапілі ў дзве жылыя шматпавярхоўкі. Загінуў прынамсі адзін мірны жыхар і 33 атрымалі раненні.

Эксперты Інстытута нагадваюць, што восенню 2022 года расіяне праводзілі больш інтэнсіўныя і шырокамаштабныя ўдары. Цяпер яны абмяжоўваюць выкарыстанне высокадакладных боепрыпасаў або, магчыма, іх проста не хапае "для падтрымання ўдарных кампаній у іх ранейшым тэмпе і інтэнсіўнасці".

У акупаваным Мелітопалі сёння прагрымеў выбух. Расійскія рэсурсы пішуць, што спрацавала самаробнае выбуховае прыстасаванне, пацярпеў супрацоўнік паліцыі. Тым часам міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу не стаў адказваць на пытанне, як хутка скончыцца вайна. Спачатку журналісты спыталі яго, як гэта адбудзецца. Шайгу адказаў: "Любая вайна заканчваецца мірам". На пытанне, як хутка наступіць гэты мір, Шайгу не знайшоў што адказаць. Проста сышоў.

Тым часам у Белым доме параілі Расіі забіраць свае танкі з тэрыторыі Украіны, калі тая перажывае праз новыя боепрыпасы са збедненым уранам да танкаў Challenger 2, якія ўкраінскім вайскоўцам перадаеБрытанія. Пра гэта сказаў каардынатар Савета нацыянальнай бяспекі Белага дома па стратэгічных камунікацыях Джон Кірбі. Ён падкрэсліў, што боепрыпасы са збедненым уранам — гэта звычайны від боепрыпасаў, якія выкарыстоўваліся дзесяцігоддзямі. Яны не з'яўляюцца радыеактыўнай пагрозай або набліжэннем да сферы ядзернай зброі. Кірбі растлумачыў, што гэты від боепрыпасаў ўжываецца для павышэння здольнасці пераадольваць абарону танкаў.

"Думаю, Расія проста не хоча, каб Украіна працягвала знішчаць яе танкі. Калі расіяне так перажываюць, каб іх танкі былі спраўнымі, яны проста могуць забраць іх праз мяжу і вывезці з Украіны", — сказаў Кірбі.

Hromadske нагадвае, што збеднены ўран выкарыстоўваецца для броні танкаў, бранябойных куль, а таксама як уцяжарвальнік для балансавання самалётаў.Такія боепрыпасы ўпершыню выкарыстоўвалі падчас вайны ў Персідскім заліве ў 1991 годзе. Але збеднены ўран ўсё ж такі з'яўляецца таксічным і можа прадстаўляць пагрозу для здароўя чалавека, калі патрапіць у арганізм. Таму, напрыклад, амерыканскім ветэранам рэкамендуецца прайсці абследаванне, калі яны лічаць, што падчас службы падвергліся ўздзеянню збедненага ўрану.

Але Украіне патрэбная перамога. Пра гэта казаў у традыцыйным відэазвароце прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі. "Мы зробім усё, каб сіне-жоўтыя колеры працягнулі свой вызваленчы рух, каб вярнулі нармальнае жыццё ўсёй нашай зямлі, ад Данецка да мяжы", — заявіў ён.

У Польшчу на мяжу з Украінай прыехаў брытанскі прынц Уільям. Ён здзейсніў нечаканы візіт на вайсковую базу ў Польшчы, сустрэўся з вайскоўцамі і абмеркаваў з імі падтрымку Украіны. Пра гэта піша BBC. Візіт прынца ў Жэшуў трымаўся ў сакрэце з меркаванняў бяспекі, пакуль ён не з'ехаў у Варшаву. У Варшаве прынц Уільям таксама наведаў украінскі цэнтр для бежанцаў. Адзначаецца, гэты візіт адбыўся па просьбе ўрада Вялікабрытаніі, хоць і сам ён выразна заяўляў аб сваёй падтрымцы Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі