Расіяне пра адмену санкцыяў: Хутка і Беларусь закрыюць для Расіі

Расіяне пра адмену санкцыяў: Хутка і Беларусь закрыюць для Расіі

15 лютага Еўрасаюз амаль цалкам зняў санкцыі з Беларусі, якія дзейнічалі 13 гадоў. Савет ЕС вывеў з-пад абмежаванняў 170 беларускіх чыноўнікаў, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, і тры кампаніі. Санкцыі захоўваюцца ў дачыненні да 4 асобаў: Віктара Шэймана, Дзмітрыя Паўлічэнкі, Юрыя Сівакова, Уладзіміра Навумава.

Гэтая навіна выклікала вялікі рэзананс не толькі ў Беларусі, але і ў нашых усходніх суседзяў. Амаль усе расійскія СМІ паведамілі пра адмену санкцый, што адразу выклікала шквал каментароў у інтэрэце.

Пад навіной на сайце ntv.ru літаральна адзінкі лаяльных выказванняў. Карыстальнік Віктар Батуеў піша:

Што ж, пашанцавала, рады за іх.

Расіяне пра адмену санкцыяў: Хутка і Беларусь закрыюць для Расіі
Выява: ntv.ru

Астатнія разважаюць, што стала прычынай такога кроку Еўрасаюза.

Рыхтуюць плацдарм для новых майданаў, — піша Вячаслаў Санталаў.

Сам Лукашэнка, хутчэй за ўсё, будзе рады такому павароту падзеяў, а я б задумалася, што Еўрасаюзу трэба ўзамен. Там жа нічога проста так ніколі не робяць, — разважае Nezemnaya1983.

Цяпер завабліваюць Беларусь, як раней укропію... таксама хочуць прамайданіць... Цяпер песні будуць складаць тыпу — сяду ў самалёт і буду ў Парыжы, а там яшчэ трохі і Праванс... фільмы здымуць, як беларусаў любяць у Еўропе, а рускія, як заўжды — “акупанты”, — выказвае меркаванне Марыя Іванова

Расіяне пра адмену санкцыяў: Хутка і Беларусь закрыюць для Расіі
Выява: lifenews.ru

Зняў часткова санкцыі? Што такое, Беларусь стала больш дэмакратычная? Ці Лукашэнка стаў менш аўтарытарным? — пытаецца  Kayzerova на сайце lifenews.ru

А карыстальнік Іван Васільевіч адказвае:

Хутка і Беларусь закрыюць для Расіі.

У Палеміку ўступае Фелікс Загорскі:

Не, проста хочуць Лукашэнку запрасіць у свае антырасійскія шэрагі. І, відаць, магчыма, у іх атрымаецца, Лукашэнка — хітры.

Карыстальнік Saimon Fuk выказвае меркаванне пра тое, з якой прычыны Еўрасаюз пайшоў на такі крок:

— Хутчэй не ад любові да Беларусі, а ад нянавісці да Расіі.

Расіяне пра адмену санкцыяў: Хутка і Беларусь закрыюць для Расіі
Выява: echo.msk.ru

На сайце "Рэха Масквы" чытачы таксама каментуюць прыблізна ў тым жа рэчышчы:

Вітанні ідыётам! Адмена санкцый хоць трохі, але палепшыць жыццё беларусам, а Лукашэнка зразумеў, што жыць у свеце з сусветнай супольнасцю лепш, чым хадзіць у падручных у Пуціна. Беларусі да дэмакратыі яшчэ далёка, але кірунак абраны правільны, — піша Генадзь Вільнер.

Беларускі заяц пакрысе адпаўзе ўбок, ад расійскага мядзведзя, які пастаянна паўстае, але апынаецца на азадку, — кажа карыстальнік igorrrpadlowitch.

Карыстальнік rashakoloradovich піша:

“Перайграў-пераседзеў бацька еўрапейцаў, мінула ўсяго толькі 13 гадоў, і ўжо не дыктатар, а зусім сабе дэмакратычна абраны прэзідэнт”.

Расіяне пра адмену санкцыяў: Хутка і Беларусь закрыюць для Расіі
Андрэй Суздальцаў. Фота: specletter.com

Расійскія аналітыкі з гэтай нагоды выказваюцца прыблізна гэтак жа, як і інтэрнэт-карыстальнікі.

Намеснік дэкана факультэта сусветнай эканомікі і сусветнай палітыкі ВШЭ Андрэй Суздальцаў кажа:

“Еўропа працуе толькі ў плане палітычнай кан’юнктуры. У дадзены момант выгадна было вызваліць Лукашэнку ад санкцыяў, як прыклад дакору для Пуціна, гэта зрабілі. А вось калі будзе нявыгадна, яго ізноў могуць падвергнуць разнастайным санкцыям”, — цытуе словы намесніка 1 канал Расіі.

“Санкцыі, якія ставілі перад сабой мэту змяніць палітычны рэжым у Беларусі, натуральна, плёну не даюць. Таму што Беларусь, абапіраючыся на палітычную і эканамічную падтрымку Расіі, фактычна пазбягала поўнага негатыўнага набору выніку гэтых санкцый. Але з іншага боку, ва ўмовах эканамічнага крызісу палітыкі Еўрасаюза і ў цэлым Захаду спадзяюцца, што ў іх атрымаецца альбо завабіць беларускую эліту, альбо цалкам перафарматаваць беларускую палітыку. Але і ў тым, і ў іншым выпадку месца для Лукашэнкі там не застанецца”, — сказаў намеснік дырэктара Цэнтра ўкраіністыкі і беларусістыкі МДУ Багдан Бязпалька.

Старшыня камітэта Савета Федэрацыі па міжнародных справах Канстанцін Касачоў выказаўся журналістам ТАСС:

“Мне падаецца, што гэта адлюстраванне геапалітычнай гульні, у якой галоўным момантам з’яўляецца спроба адарваць ад Расіі як мага большую колькасць яе саюзнікаў”, — заявіў палітык.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі