Расія зноў мае прэтэнзіі да беларускай мясной прадукцыі

Россельгаснагляд мае намер узмацніць маніторынг мяса птушкі з Беларусі, паведамляе БелаПАН. Падставай для гэтага стала інфармацыя, змешчаная на сайце дзяржаўных закупак. Там, у прыватнасці, публікуюцца тэндэры на закупку надзвычай вялікіх аб’ёмаў антыбіётыкаў для птушкагадоўчых гаспадарак, інфармуе прэс-служба ведамства.

У сувязі са з’яўленнем такой інфармацыі Россельгаснагляд мае намер звярнуцца да дзяржаўнай ветэрынарнай службы Беларусі з просьбай патлумачыць такую сітуацыю.

Як паведамлялася раней, 28 снежня кіраўнік Россельгаснагляду Сяргей Данкверт правёў нараду, на якой у тым ліку было заяўлена, што ветэрынарная служба Беларусі не робіць захадаў для перадухілення паставак небяспечнай прадукцыі ў Расію.

Цягам 2014 года расійскае ведамства накіравала ветэрынарнай службе Беларусі 43 звароты па фактах неадпаведнасці падкантрольнай прадукцыі паказнікам бяспекі, прынятым у Мытным саюзе. На звароты было атрымана толькі 7 адказаў.

У лістападзе Россельгаснагляд абвясціў пра ўскладненне ўмоваў транзіту расліннай прадукцыі з Беларусі ў сувязі з падазрэннямі ў рээкспарце тавараў з краін ЕС. Пазней была ўведзеная забарона на ўвоз у Расію прадукцыі шэрагу беларускіх мясакамбінатаў і птушкафабрык. Афіцыйнай прычынай забароны названыя бактэрыі, мікраарганізмы, антыбіётыкі і геном вірусу афрыканскай чумы свіней, якія знайшлі ў беларускай мясной прадукцыі.

Аднак афіцыйны Мінск лічыць, што прычына харчовага канфлікту з Расіяй палягае ў іншым. Такія спрэчкі будуць перыядычна ўзнікаць з-за сутыкненя з інтарэсамі расійскіх вытворцаў, якія бачаць у беларусах “галоўных канкурэнтаў”, заявіў 29 снежня Аляксандр Лукашэнка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі