Расія атакавала ноччу Львоў, ёсць пападанні і пацярпелы

Пажар у Львове пасля расійскай атакі

Пажар у Львове пасля расійскай атакі / @dsns_telegram

Паветраныя сілы Украіны мінулай ноччу знішчылі 27 ударных беспілотнікаў, якія запусціла Расія. Усяго праціўнік запусціў 30 дронаў-камікадзэ.

18 дронаў былі нацэленыя на Львоўскую вобласць, кажа кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Максім Казіцкі. 15 збілі, тры — мяркуючы па ўсім, дасягнулі мэты. Мясцовыя ўлады і ратавальнікі паведамляюць пра пажары на складах. Па словах Казіцкага, гэта былі звычайныя прамысловыя склады, нічога ваеннага там не было.

Ёсць пацярпелы. Гэта 26-гадовы мужчына, які падчас абстрэлу знаходзіўся на аб'екце. Лекары ацэньваюць яго стан як сярэдняй цяжкасці. Пазней стала вядома і пра загінулага. Гэта таксама мужчына, які працаваў на складах. Пра гэта паведаміў мэр Львова Андрэй Садавы. Ён таксама расказаў, што знішчаныя 3 складскія памяшканні. Гэта склады з вокнамі, бытавой хіміяй, а таксама памяшканні дзе захоўвала гуманітарную дапамогу дабрачынная місія Карытас-СПЕС.

УНІАН удакладняе, што яшчэ 10 ударных дронаў збілі над Мікалаеўскай вобласцю, а таксама па адным у Адэскай і Вінніцкай. На адным з прадпрыемстваў у выніку падзення абломкаў пашкодзілася сельскагаспадарчая тэхніка, людзі не пацярпелі. Акрамя таго, па Крывым Рогу расіяне ўдарылі ракетай "Іскандэр", патрапілі ў чатырохпавярховы будынак. Ад выбухной хвалі пацярпелі фасады суседніх шматпавярховак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі