Радзіна: Мне вынеслі папярэджанне, бо я не стала маўчаць

У першай палове дня 1 сакавіка міліцыянты прыехалі да Радзінай дадому і забралі ў пастарунак. Там ёй нагадалі правілы знаходжання пад падпіскай аб нявыездзе. Заадно, распавяла журналістка ў гутарцы з Еўрарадыё, ёй сказалі, што каментары да заявы Алеся Міхалевіча могуць быць расцэненыя як разглошванне таямніцы следства. На будучыню Радзінай рэкамендавалі адмовіцца ад такіх каментароў.

Еўрарадыё пацікавілася, што менавіта ў расповедзе пра ўмовы ўтрымання ў СІЗА КДБ магло тычыцца таямніцы следства.

Радзіна: "Я так разумею, што ўсё. Усё, што ты ні скажаш пра тое, што адбывалася там, на іх думку, можа быць расцэнена як таямніца следства".

Дарэчы, пасля заявы Міхалевіча каментары пра ўмовы ўтрымання ў турме КДБ давалі розныя палітыкі. Аднак папярэджанне вынеслі толькі Наталлі Радзінай.

Радзіна: "Я вам прапаную прааналізаваць, хто што казаў. Па-мойму, больш ніхто нічога не расказваў, усе проста маўчалі".

Разам з тым, журналістка кажа, што не бярэцца ацэньваць, ці былі спробы запалохаць іншых фігурантаў “справы 19 снежня”.

Радзіна: "Мне складана гэта ацэньваць, бо я жанчына і ўтрымлівалася ў іншых умовах. Я распавяла толькі тое, што я чула. А тое, што адбывалася з імі, няхай распавядаюць гэтыя людзі. Гэта іх права і справа іх сумлення".

Нагадаем, што журналістка сайту “Хартыя’97” Наталля Радзіна пасля вызвалення з СІЗА КДБ знаходзіцца ў Кобрыне пад падпіскай аб нявыездзе.

Фота: rferl.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі