Прызма прапаганды: ці разумеюць беларусы, што адбываецца на вайне ва Украіне?

Прызма прапаганды: ці разумеюць беларусы, што адбываецца на вайне ва Украіне?

18% беларусаў не сочаць за навінамі пра канфлікт ва Украіне. Гэта вынікае з новага сацыялагічнага апытання ад Chatham House.

А як успрымаюць і як ацэньваюць навіны пра вайну астатнія 82% беларусаў?

— Падчас даследавання мы пыталіся ў людзей, адкуль яны атрымліваюць інфармацыю пра канфлікт ва Украіне. Мы ўбачылі, што людзі больш-менш роўна падзеленыя паміж расійскімі і беларускімі дзяржаўнымі/недзяржаўнымі СМІ і ў меншай ступені паміж украінскімі, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё дырэктар беларускай ініцыятывы Chatham House Рыгор Астапеня. — Людзі жывуць у сваіх інфармацыйных прасторах, якія больш-менш ізаляваныя адна ад адной. Мы выразна бачым, што праз СМІ, якія ангажавана падаюць інфармацыю, людзі маюць рознае ўяўленне пра вайну.

І людзі менавіта так успрымаюць інфармацыю. Яны не могуць да канца ўсвядоміць, што адбываецца, таму што няма поўнай карцінкі. Адзін і другі бок не ўсё раскрываюць з прычыны ваеннай тайны. На тое, як людзі ўспрымаюць вайну ва Украіне, медыя маюць вельмі вялікі ўплыў.

Прысутнасць беларусаў у інфармацыйным полі, насычаным расійскімі СМІ, неяк спрыяе сыходу нейтральнай аўдыторыі ў лагер распрапаганды?

— Безумоўна, людзі, якія глядзяць расійскае тэлебачанне, прыхільней ставяцца да Расіі. Цяпер расійскія крыніцы інфармацыі маюць большую магчымасць уплываць на беларусаў, чым два гады таму. Раней незалежныя СМІ мелі больш магчымасцяў для працы [мае на ўвазе падзеі 2020 года, пасля якіх недзяржаўныя беларускія СМІ былі прымусова выключаныя ўладамі з інфапрасторы. — Еўрарадыё].

Зараз больш уплывае расійскі ці беларускі дзяржаўны тэлевізар. Яны цягнуць беларусаў, якія, па беларускіх мерках, апалітычныя, але наглядзеліся тэлевізара і ўжо нібыта паўтараюць тэзісы расійскай прапаганды. Тым больш што гэтыя тэзісы паўтараюцца ўжо восем гадоў, — падкрэслівае Рыгор Астапеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі