Прысуд па справе аб "спробе дзяржперавароту" ў Беларусі аб'явяць 5 верасня

Прысуд па справе аб "спробе дзяржперавароту" ў Беларусі аб'явяць 5 верасня а 12-й гадзіне. У сераду працягваліся спрэчкі бакоў і выступалі з апошнім словам абвінавачаныя. Адвакаты "змоўшчыкаў" заклікалі суд іх апраўдаць.

Пракурор запатрабаваў для Юрыя Зянковіча, Аляксандра Фядуты і Рыгора Кастусёва па 12 гадоў калоніі, для Вольгі Галубовіч і Дзяніса Краўчука — па тры гады. Абвінавачанні Галубовіч і Краўчука звязаны не са "змовай", а з "актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Фядута і Кастусёў, як і Зянковіч, абвінавачваюцца ў "змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам". Юрыя Зянковіча таксама абвінавачваюць у "стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім", "публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады" і "распальванні сацыяльнай варожасці". Пры гэтым ён адзіны, хто пайшоў на здзелку са следствам.

Усе абвінавачаныя за кратамі з вясны 2021 года. Па версіі следства, у Беларусі рыхтаваўся "дзяржаўны пераварот". З прапагандысцкіх фільмаў, паказаных на дзяржаўным тэлебачанні, вынікае, што за "змоўшчыкамі" працяглы час сачылі спецслужбы, а вайскоўцаў, з якімі яны кантактавалі, ім падставілі. У сераду адвакаты якраз гаварылі пра сілавіка Івана Жураўскага, якога называлі правакатарам.

"Я паверыў у змову вайскоўцаў таму, што хацеў у яе паверыць", сказаў Аляксандр Фядута.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.