Прозвішча затрыманага ў Баранавічах беларуса — у спісах батальёна "Данбаc"?

У Баранавічах затрымалі мясцовага актывіста Змітра Палойку, які паўгода правёў ва Украіне. Яго схапілі адразу на вакзале. У адносінах Палойкі склалі адміністрацыйны пратакол, нібыта, па факце "дробнага хуліганства". Баранавіцкі гарадскі суд прызнаў яго вінаватым і пакараў 10 суткамі арышту, якія ён цяпер адбывае ў ізалятары часовага ўтрымання.

Як адзначае праваабарончы сайт "Вясна", насцярожвае тое, што міліцыя выклікае і дапытвае сваякоў Змітра Палойкі, забараняе ім пакідаць Баранавічы.

"Наша ніва" піша, што імя Палойкі прысутнічае ў злітых у інтэрнэт спісах украінскага добраахвотніцкага батальёна "Данбас", які быў ударнай сілай у антытэрарыстычнай аперацыі, што праводзілася Украінай у Данецкай і Луганскай абласцях. Як мяркуюць ва Украіне, спісы былі здабытыя і апублікаваныя расійскімі спецслужбамі.

Як вядома, ва Украіне на баку ўкраінскіх сілавікоў супраць баевікоў на Данбасе ваявалі і ваююць дзясяткі беларусаў-добраахвотнікаў. Верагодна, беларускія праваахоўнікі цяпер правяраюць, чым займаўся ва Украіне Зміцер Палойка.

Фота — spring96.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі