Вы тут

Просты хлопец, якому было не ўсё роўна. Год таму не стала Рамана Бандарэнкі

Раман Бандарэнка

Год таму не стала Рамана Бандарэнкі. Ён памёр у Бальніцы хуткай дапамогі пасля таго, як яго збілі невядомыя (так сцвярджае пракуратура) у дварах на вуліцы Чарвякова — той самай знакамітай Плошчы Перамен.

Крымінальную справу па факце смерці Рамана Бандарэнкі Генеральная пракуратура завяла толькі ў сярэдзіне лютага 2021 года — пасля таго, як у медыя з'явіліся імёны людзей, як мяркуецца, датычных да забойства. Але ўжо ў верасні расследаванне справы прыпынілі: следчыя так і не змаглі вызначыць падазраваных.

Затое пракуратура атрымала поспех на іншым кірунку: па гарачых слядах (праз некалькі дзён пасля забойства Бандарэнкі) завяла і давяла да суда справу "аб 0 праміле". Найвышэйшыя чыноўнікі, аж да Лукашэнкі, казалі, што Раман быў п'яны, а медыцынскія дакументы сцвярджалі адваротнае. Лекар і журналістка, якія рызыкнулі агучыць гэты факт, былі асуджаныя "за разгалошванне медыцынскай таямніцы".

Нагадаем, як развіваліся падзеі.
 

"Я выходжу"

Плошча Перамен той восенню прагрымела на ўсю краіну сваёй стойкасцю і намерам адстойваць свае двары і пункт гледжання. Мурал з "дыджэямі перамен" шмат разоў зафарбоўвалі, а ён з'яўляўся зноў. Бел-чырвона-белыя стужкі з плота зразалі, а мясцовыя завязвалі іх зноў.

Мурал на Плошчы Перамен / фота з сацсетак

11 лістапада ў двор зноў прыехалі (на той момант) невядомыя людзі і пачалі зразаць стужкі. Пяць мужчын і тры жанчыны. У масках, твараў не відаць. Хтосьці кінуў у дваровы чат паведамленне. Бандарэнка зрэагаваў: "Я выходжу".

У двары сабраліся мясцовыя. Раман стаяў і глядзеў за славеснай сваркай: лаяліся прыезджы і нейкі невядомы хлопец, расказваў пазней адзін з відавочцаў.

Потым Раман "нешта сказаў, і чалавек у масцы спытаў: "Ты чаго борзы такі?" Адштурхнуў Рому бліжэй да мурала, той спрабаваў ухіліцца, але невядомы схапіў яго і з усёй сілы адкінуў да горкі на пляцоўцы. Ён моцна стукнуўся галавой".

Што было далей, відаць на відэа. Спачатку Рамана білі, потым панеслі і загрузілі ў мікрааўтобус. Па дарозе Бандарэнка яшчэ супраціўляўся.

У Цэнтральнае РУУС Бандарэнку даставілі, хутчэй за ўсё, супрацоўнікі АМАП. Гэта вынікае з тэлефоннай размовы, як меркуецца, начальніка АМАП Дзмітрыя Балабы з дзяжурным АМАП ГУУС Генадзем Молашам. Гэтая размова была апублікавана ў сёлетнім верасні.

"Так, з буса САХРа забралі ў наш бус і завезлі яго ў Цэнтральны РУУС", — кажа дзяжурны. У затрыманага, як высветлілася, медыкі дыягнаставалі "цялесныя пашкоджанні, ЧМТ цяжкай ступені. Яму зрабілі трэпанацыю чэрапа ў БХМД".

"А ён не скардзіўся па дарозе? Нічога?" — спытаў голас, падобны да Балабы.

"Ну, скардзіўся... Наогул, яны думалі, што ён у п'яным стане быў... Як аказалася, што... дрэнна. Ну дрэнна было, так", — быў адказ.
 

"Першае, што сказаў лекар: у Ромы няма шанцаў"

Калі а палове на чацвёртую раніцы ў дзверы мамы Рамана Бандарэнкі пазванілі незнаёмыя маладыя людзі, у БХМД ўжо ішла аперацыя. Алена Сяргееўна перыядычна набірала рэанімацыю.

"Я ўсю ноч тэлефанавала, увесь час казалі, што ідзе аперацыя. Дзесьці а шостай гадзіне або ў пачатку сёмай сказалі, што аперацыю зрабілі, што ён у цяжкім крытычным стане. Калі я прыехала ў лякарню, першае, што сказаў лекар: у Ромы няма шанцаў",расказвала пазней Алена Сяргееўна.

Наступным вечарам у двары на Плошчы Перамен сабраліся людзі / Еўрарадыё

Раман памёр у той жа дзень. А на наступны дзень СК паспрабаваў растлумачыць тое, што адбылося. Афіцыйная версія гучала так: "11 лістапада ў міліцыю паступіла паведамленне пра тое, што ў двары дома на вуліцы Чарвякова ў Мінску адбылася бойка паміж агрэсіўна настроенымі мясцовымі жыхарамі, якія вешалі стужкі, і асобамі, якія іх здымалі. Супрацоўнікі міліцыі, якія прыбылі на месца, выявілі мужчыну з цялеснымі пашкоджаннямі і прыкметамі алкагольнага ап'янення".

Пра тое, што Бандарэнка быў п'яны, у тыя дні заявілі адразу некалькі высокапастаўленых чыноўнікаў.

"Гэта прызнана. Заключэнне сёння прадставіў Следчы камітэт. Яны выклалі гэта ўсё. Ён быў п'яны",казаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён "быў п'яны — 100%", казала старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. А "ў інтэрнэт выкінулі лжывую інфармацыю, што ён быў цвярозы".

У інтэрнэце тым часам з'явіўся артыкул, у якім былі апублікаваны афіцыйныя вынікі аналізаў. І яны паказвалі, што алкаголю ў крыві Бандарэнкі не было.

Дыягназ, пастаўлены Бандарэнку: 0‰ этанолу / фота з сацсетак

Справа "аб 0 праміле"

Праз тыдзень пасля смерці Рамана СК распачаў крымінальную справу — але не па факце яго забойства, як можна было б чакаць. А па факце "разгалошвання медыцынскай таямніцы". Фігурантамі справы сталі лекар Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Арцём Сарокін і журналістка навінавага партала Кацярына Барысевіч.

Менавіта дзякуючы ім грамадства атрымала доказы, што Раман Бандарэнка ў той вечар не быў п'яны. У яго крыві было 0 праміле этанолу.

Лекара і журналістку прызналі вінаватымі. Кацярыну Барысевіч прысудзілі да 6 месяцаў пазбаўлення волі і штрафу 100 базавых велічынь, лекара Арцёма Сарокіна — да 2 гадоў калоніі з адтэрміноўкай пакарання на год.

Арцём Сарокін і Кацярына Барысевіч у судзе / BelaPAN

Шакута, Баскаў і іншыя…

Імёны людзей, якія могуць быць датычныя да смерці Рамана Бандарэнкі, сталі гучаць практычна ў першыя дні пасля забойства. Рамана збілі 11 лістапада, а ўжо 14 лістапада ў СМІ з'явілася інфармацыя, што побач з людзьмі, якія напалі на Бандарэнку, быў чалавек, вельмі падобны да тагачаснага старшыні Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыя Баскава. А напаў на Бандарэнку і нанёс яму некалькі удараў мужчына, вельмі падобны да чэмпіёна свету па тайскім боксе і кікбоксінгу Дзмітрыя Шакуты.

З'яўленне прозвішча Баскава ў гэтым кантэксце ў канчатковым выніку паўплывала на тое, што Беларусь пазбавілі права прымаць матчы чэмпіянату свету па хакеі 2021 года. А сам Баскаў яшчэ і трапіў пад санкцыі МАК. Яму ў выніку давялося сысці з пасады старшыні БФХ.

Людзі, падобныя да Дзмітрыя Баскава і Дзмітрыя Шакуты, на Плошчы Перамен

Паўнавартаснае незалежнае расследаванне тых падзей на Плошчы Перамен з'явілася ў студзені 2021-га. Былі прааналізаваныя і апублікаваныя аўдыязапісы і білінг мабільных тэлефонаў людзей, якія маглі быць у той вечар у дварах на Чарвякова.

У гэтым спісе, акрамя ўсё тых жа Баскава і Шакуты, апынуліся прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант, вядучая спартыўных навін Ганна Эйсмант, хакеіст і ўдзельнік хакейнай каманды Лукашэнкі Павел Волчак і яго жонка Жанета, а таксама супрацоўнікі САХР і АМАП. Усяго каля паўтара дзясятка прозвішчаў.

Амаль праз месяц "узбудзілася" Генеральная пракуратура — завяла крымінальную справу па факце "наўмыснага прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула смерць па неасцярожнасці" (ч. 3 арт. 147 КК РБ). Але для афіцыйнага следства гэта справа аказалася непад'ёмнай. Праз паўгода расследаванне прыпынілі — растлумачылі тым, што не могуць знайсці датычных да злачынства. Родныя даведаліся пра прыпыненне справы са СМІ…
 

Замест пасляслоўя

"Ён быў звычайным грамадзянінам, якому было не ўсё роўна. Магчыма, ён чагосьці мог не разумець у палітыцы і ў ідэалогіі, але ён разумеў, што ў краіне няма ні справядлівасці, ні законнасці. Ён кожны раз выходзіў на маршы, хоць я яго ўгаворваў, каб ён адзін нікуды не хадзіў. Рома пастаянна прыходзіў на Плошчу Перамен, вучыў дзяцей маляваць", расказваў Еўрарадыё пасля смерці Рамана ягоны сябар Вадзім.

"Ён быў просты звычайны хлопец, — кажа Вадзім. — Служыў у спецназе, любіў сваю краіну. Быў спагадным, дапамагаў усім, хто б да яго ні звярнуўся. Спадзяваўся, што ў гэтай краіне нешта зменіцца".

Раману Бандарэнку быў 31 год.

У той вечар у Двары Перамен даведаліся, што Раман памёр / Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.