Праваабаронца: у Беларусі звычайна расстрэльваюць некалькі "смяротнікаў" запар

Праваабаронца: у Беларусі звычайна расстрэльваюць некалькі "смяротнікаў" запар

За два дні беларускія праваабаронцы даведаліся пра выкананне двух смяротных прысудаў. 28 лістапада стала вядома пра расстрэл Івана Куляша, 29-га — пра тое, што вышэйшай мерай пакараны Сяргей Хмялеўскі. Ад яшчэ аднаго асуджанага — Генадзя Якавіцкага — ужо месяц як няма лістоў.

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда падкрэслівае, што дакладныя даты расстрэлаў будуць вядомыя пазней, калі сваякі вязняў атрымаюць пасведчанні аб смерці. "Пакуль жа можна казаць толькі пра тое, што мы даведаліся пра выкананне двух смяротныя пакаранні запар, — кажа праваабаронца. — Хаця правапрымяняльная практыка ў Беларусі такая, што прыводзяць у выкананне адразу некалькі смяротных прысудаў".

Пра смерць Сяргея Хмялеўскага стала вядома, калі яго сястра прыйшла на спатканне з вязням. Сустрэча не адбылася. Злачынцу расстралялі нават нягледзячы на тое, што ён звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН, які хадайнічаў перад Беларуссю аб адтэрміноўцы выканання прысуду на час разбіральніцтва.

"Вельмі часта тое, што датычыцца смяротнага пакарання, адбываецца алагічна. Хмялеўскага першапачаткова асудзілі на пажыццёвае зняволенне. Але летась Вярхоўны суд перагледзеў яго справу і адмяніў рашэнне абласнога суда з фармулёўкай "праз мяккасць пакарання". Такое ўражанне, што "закладнікаў" не хапала... Для суда ніжэйшай інстанцыі рашэнне Вярхоўнага суда з'яўляецца абавязковым. То бок, пры пераглядзе справы і выбара не было — толькі смяротны прысуд", — працягвае Андрэй Палуда.

Сваякі Генадзя Якавіцкага зараз таксама збіраюцца да яго на спатканне. Не выключана, яго вынікам будзе паведамленне пра тое, што вязня ўжо расстралялі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі