Праваабаронца: Няма такога пакарання — публічна прасіць прабачэння ў скульптуры

Праваабаронца: Няма такога пакарання — публічна прасіць прабачэння ў скульптуры

Міліцыянты, якія затрымалі падлетка за аплявуху помніку і знялі на відэа, як ён просіць прабачэння, злоўжывалі сваімі службовымі паўнамоцтвамі. Такое меркаванне выказаў праваабаронца Алег Воўчак у каментары сайту "Беларускі партызан".

"У дадзеным выпадку ў наяўнасці злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі з боку супрацоўнікаў міліцыі, таму што не існуе такога віду пакарання — публічна прасіць прабачэння перад скульптурай", — заяўляе ён.

Воўчак кажа, што ў дзеяннях падлетка ён не бачыць ніякай юрыдычнай правіны: "Тое ж самае, што падысці і стукнуць вадаправодную трубу. Калі б падлетак абліў скульптуру фарбай, можна было казаць аб прычыненні шкоды. Калі гаворка ідзе пра абразу, то абразіць можна фізічную асобу, якая павінна падаць заяву".

Дзеянні міліцыі ён называе незаконнымі і заяўляе пра дэградацыю супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Як распавядала Еўрарадыё, 15 лістапада прэс-служба МУС апублікавала відэаролік, на якім 16-гадовы ліцэіст Арсеній дае аплявуху скульптуры гарадавога насупраць МУС. Хлопца затрымалі і склалі на яго адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства. На відэакамеру падлетак папрасіў прабачэння за абразу ў помніка і супрацоўнікаў МУС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі