Праваабаронца: Нават следчы КДБ не ведае, колькі ператрусаў было ў краіне!

Ужо тры тыдні па Беларусі ідзе хваля ператрусаў, звязаных са "справай Плошчы". 
Першымі пад ператрусы трапілі кандыдаты ў прэзідэнты, іх штабы і давераныя асобы. Колькасць падазраваных па справе пастаянна расце, ужо 25 абвінавачаных і 13 падазраваных, і ў кожнага з іх было па некалькі ператрусаў.
"Тыя, хто сядзяць, — у іх па два-тры разы былі ператрусы. Гэта каля 70 вобыскаў, ну і яшчэ столькі ж прыкладна", — кажа праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Спачатку вобыскі адбываліся ў Мінску, цяпер хваля дайшла да рэгіёнаў. На Раство ператрусы былі ў Гомелі, цяпер у Брэсце. Таксама заходзілі супрацоўнікі КДБ да актывістаў у Жодзіне, Слуцку, Маладзечне, Жлобіне, Мар'інай Горцы і Тальцы. У Салігорску канфіскавалі камп'ютар у Паўла Батуева, якому да Мінска 19 снежня даехаць не далі.
Геаграфія ператрусаў пашыраецца. 10 студзеня прыйшлі ў рэдакцыю газеты "Борисовские новости" і да Леаніда Навіцкага, ахоўніка Андрэя Саннікава. Праваабаронцы не ведаюць, колькі дакладна ўжо прайшло ператрусаў па крымінальнай справе.
"Не можам мы такую статыстыку ведаць, бо няма адзінага інфармацыйнага банку дадзеных, куды б грамадзяне давалі такую інфармацыю. Цяжка сёння казаць, колькі ўвогуле па краіне такіх ператрусаў, у каго і калі яны былі", — кажа праваабаронца Гары Паганяйла.
На яго думку, не ведае такой статыстыкі і нават галоўны следчы па крымінальнай справе.
"Гэтай статыстыкай не валодае нават той следчы, які ўзначальвае гэтую следчую групу. Таму што яна шматлікая, і следчыя дзеянні вядуцца па ўсёй краіне"адзначыў Гары Паганяйла.
Паводле прыблізных падлікаў, гэткіх следчых дзеянняў было больш за сотню. У кандыдатаў і іх давераных асобаў на ўласных кватэрах і ў бацькоў. Да кіраўніка штаба Някляева нават дабраліся і да лецішча. Таксама вобыскі былі на офісах АГП — канфіскавалі аргтэхніку і 6 сістэмных блокаў, і БХД. На офісе БХК забралі адзін кампутар і сервер, на фірме Дзмітрыя Уса канфіскавалі некалькі камп'ютараў, з рэдакцый "Нашай нівы" і Еўрарадыё агулам вынеслі больш за 20 сістэмных блокаў і ноўтбукаў, а таксама камеры, флэшкі ды іншую тэхніку: агулам больш за 40 адзінак.
Згодна з самымі прыблізнымі падлікамі Еўрарадыё, усяго канфіскавана ўжо больш за 80 камп'ютараў і ноўтбукаў (з іх каля 40 на офісах і ў рэдакцыях СМІ).
На фота Радыё Свабода: пасля ператрусу у офісе рэгіянальнай арганізацыі АГП

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі