“Права быць свабодным” — новы фестываль беларускай музыкі ва Украіне

Беларускі рок-фэст пад лозунгам “Права быць свабодным” пройдзе ў горадзе Луцк, што недалёка ад украінска-беларускай мяжы, 22 верасня. Арганізатарамі фестывалю з’яўляюцца Беларуская музычная альтэрнатыва, ініцыятыва “СтудФармат” і Еўрапейскае радыё для Беларусі. Імпрэза мае мэтай звярнуць увагу на права творцаў на свабоду творчасці, на права людзей слухаць сваю любімую музыку, прычым незалежна ад жадання ці нежадання ўладаў дазваляць нешта.

Віталь Супрановіч, кіраўнік БМАGroup, расказаў Еўрарадыё, што ўкраінскія ўлады пайшлі насустрач арганізатарам фэсту, нават дазволіўшы працягнуць канцэрт на 2 гадзіны больш:

“У нас зараз месяц да фэсту, і мы ўжо маем дазвол уладаў. Калі б мы паспрабавалі зрабіць падобнае ў Беларусі, то мы б за месяц павінныя былі падаць заяву ва ўладныя структуры. І толькі за пяць дзён да фэсту атрымалі б адказ, прычым, хутчэй за ўсё, адмоўны. Украінскія ўлады згадзіліся амаль на ўсе нашыя прапановы і нават пайшлі насустрач – далі дадатковыя дзве гадзіны канцэрту. Бо ў горадзе забароненая гучная музыка пасля 22-й гадзіны. І зараз ёсць дамова, што канцэрт адбудзецца да 12-й гадзіны ночы”.

На гэты момант далі сваю згоду для ўдзелу ў фестывалі “Крама”, “Нейра Дзюбель”, “Таварыш Маўзэр”, “B.N:”, “Сьцяна”, а таксама гурт “Тінь Сонця” з Украіны.

Аляксандр Кулінковіч
, вакаліст гурта “Нейра Дзюбель”, лічыць, што арганізацыя новага выязнога фестывалю беларускай музыкі добра адаб’ецца на стане айчыннай культуры ўвогуле:

“Гэта, безумоўна, мае сэнс, бо развіццё нашае культуры ніякае і ніяк. І калі хтосьці варушыцца, нешта робіць – гэта вельмі добра. Увогуле, калі ёсць нейкая спроба зрабіць нешта беларускае, то гэта проста супер!”

Ігар Варашкевіч, лідэр гурта “Крама”, напрыклад, выступае за як мага большую папулярызацыю беларускага року на ўсіх магчымых мерапрыемствах:

“А чаму гэты фестываль павінен стаць альтэрнатывай “Басовішча”? Чаму ён проста не можа стаць самастойным, і проста другім фестывалем? Мне гэта насамрэч будзе вельмі цікава”.

Фестываль пройдзе на адкрытым паветры ў гарадскім парку гораду Луцк 22 верасня. Еўрарадыё будзе трымаць сваіх слухачоў у цэнтры падзей фестывалю “Права быць свабодным”. Сачыце за інфармацыяй на нашых хвалях, а таксама на сайце belradio.fm

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі