Вы тут

Прадстаўнік пантыфіка ў Беларусі заклікае ўлады паскорыць працэс "амністыі"

Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч / catholic.by

Антэ Ёзіч, прадстаўнік Папы Рымскага ў Беларусі, заклікае ўлады нашай краіны паскорыць працэс "амністыі". Як паведамляе catholic.by, гэтыя словы прагучалі падчас урачыстасцяў у Бялынічах.

Амбасадар Ватыкана вітаў прынятае рашэнне ўладаў вызваліць 13 палітзняволеных, якія былі памілаваныя.

"Неабходна паскорыць гэты працэс, каб дазволіць сем’ям з’яднацца і вярнуцца на працу і ў свае святыні, — заявіў Антэ Ёзіч. — Гэта, без сумневу, пойдзе толькі на карысць працэсу нацыянальнага прымірэння ў краіне дзеля агульнага дабра".

Як вядома, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца тысячы чалавек, затрыманыя і асуджаныя за ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Амаль 700 з іх прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі. Вызваленне ўсіх палітвязняў — адна з умоваў Захаду афіцыйнаму Мінску, які прагне адмены санкцый.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.