Прадстаўнік Беларусі на "Еўрабачанні-2021" даў інтэрв'ю, але нічога не сказаў

Гурт "Галасы ЗМеста" / galasyzmesta.by
Гурт "Галасы ЗМеста" / galasyzmesta.by

Лідар гурта "Галасы ЗМеста" Дзмітрый Бутакоў даў інтэрв'ю журналістцы тэлеканала "Настоящее время" Ірыне Рамалійскай. Размова атрымалася феерычнай: прадстаўнік Беларусі на сёлетнім "Еўрабачанні" не адказаў ні на адно пытанне.

Па словах Бутакова, яму ніхто не паведамляў, што для таго, каб выступіць у Ратэрдаме, гурту давядзецца памяняць тэкст песні, паколькі Еўрапейскі Вяшчальны Саюз пачуў у ім палітычны падтэкст. Таму пытанні аб змене тэксту ў кампазіцыі ён пераадрасаваў бы "Белтэлерадыёкампаніі".

Не змог расказаць аўтар тэксту конкурснай "Я навучу цябе" і пра сэнс песні.

"Давайце мы дачакаемся ўсё-ткі нейкага канчатковага рашэння, каб нам было ад чаго скакаць, і тады я з задавальненнем раскажу, які асабіста я закладваў сэнс у гэты тэкст. Але што я ўвогуле не казаў пра палітыку ў ім, гэта, па-мойму, відавочна для любога чалавека, які чытаць умее, ці хаця б дае сабе рады задумацца над словамі", — заявіў Бутакоў і сказаў, што не хоча "расшыфраваць тэкст сваёй песні" паколькі не прынята "канчатковае рашэнне": маўляў, гэта "размовы на пустым месцы".

Журналістка звярнулася да іншых тэкстаў песень гурта "Галасы ЗМеста", у якіх відавочна высмейваюцца еўрапейскія каштоўнасці. Але Дзмітрый Бутакоў зноў "саскочыў":

"Пакуль усе пытанні на гэтую тэму і каля гэтай тэмы да Белтэлерадыёкампаніі".

— Але гэта ж не Беларуская тэлерадыёкампанія вешала дулю на сцяг Еўрасаюзу ў вашых кліпах, таму я менавіта вам адрасую, — абурылася Ірына Рамалійская. — Навошта тады вам увогуле ўдзел у еўрапейскім конкурсе? Мне сапраўды цікава зразумець ход думак...

"І зноў жа я кажу: я вам з задавальненнем гэта распавяду, толькі праз пару дзён", — як мантру, паўтарыў Бутакоў.

Пра палітыку лідар гурта "Галасы ЗМеста" гаварыць адмовіўся, заявіўшы, што ўдзельнікі каманды — "увогуле апалітычныя зусім". Але на пытанне аб паводзінах сілавікоў у дачыненні да мірных грамадзян падчас брутальных разгонаў пратэстаў і катаваннях у ізалятарах адказаў:

"Усё, што перавышае разумныя межы, мы не вітаем. Як з боку пратэстаў, так і з боку сілавікоў. Калі гэта нешта было, калі гэта ўсё даказана, калі гэта дакладна ўсім зразумела — трэба з гэтым разбірацца. А пакуль не — балбатаць бессэнсоўна".

На развітанне журналістка спыталася, чаму гурт не піша сатырычныя песні пра АМАП і Лукашэнку, на што Батакоў заявіў, што такія ў рэпертуары гурта ёсць.

— Скіньце, я з задавальненнем паслухаю, — папрасіла Ірына Рамалійская. — А што вы там высмейваеце?

— Што значыць, "скіньце"? Вы ж працуеце — будзьце ласкавыя, паглядзіце, паслухайце. 40 штук гэтых песень!

Вядомы ў вузкіх праўладных колах баранавічскі гурт "Галасы ЗМеста", які высмейвае ў сваіх песнях пратэсты і лідараў апазіцыі і які ўдзельнічае ў аўтапрабегах за Лукашэнку, нечакана стаў прадстаўніком Беларусі на "Еўрабачанні-2021". Такое рашэнне прыняла Белтэлерадыёкампанія, правёўшы закрыты адбор. Праслухаўшы кампазіцыю "Я навучу цябе", арганізатар "Еўрабачання" — Еўрапейскі Вяшчальны Саюз — заявіў, што песня мае палітычны падтэкст і не можа ў такім выглядзе з'явіцца на апалітычным песенным конкурсе. Таму прапанаваў або замяніць тэкст кампазіцыі альбо наогул яе памяняць. У адваротным выпадку краіну могуць дыскваліфікаваць.

Адразу пасля навіны лідар "Галасоў" заявіў, што Мінск у знак пратэсту наогул можа адмовіцца ад удзелу ў "Еўрабачанні". Белтэлерадыёкампанія — арганізатар з беларускага боку — заявіла, што вядзе перамовы з ЕВС. У панядзелак 15 сакавіка адбудзецца сустрэча кіраўнікоў дэлегацый. Пасля гэтага краіны ўжо не змогуць мяняць удзельнікаў ці песні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі