Пра выбух у Мінску першым паведаміў беларускі блогер са Швейцарыі

Першае Інтэрнэт-паведамленне пра выбух у Мінску прыйшло ... са Швейцарыі. Зрабіў яго вядомы Ігар Маханёк, які ў 2005 і 2006 гадах выйграваў "Кубак Яндэксу" па пошуку ў Інтэрнэце. Так сталася, што літаральна праз некалькі месяцаў пасля другой перамогі беларускі праграмер звязаў свой лёс з іншым брэндам, які паўставаў як пашуковая сістэма. Ігар уладкаваўся на працу ў швейцарскую філію кампаніі "Google". Аднак, нягледзячы на адлегласць, у Ігара Маханька часам атрымліваецца віртуальна прысутнічаць тут, у Беларусі, у цэнтры падзеяў. Так адбылося падчас святкавання Дня незалежнасці, калі ў Мінску грымнуў выбух.

– Мне банальна затэлефанавалі з Беларусі і распавялі, што там ТАКОЕ адбываецца... Звычайна, калі дзе-небудзь адбываецца ТАКОЕ, я магу пайсці, напрыклад, на news.google.com, і ўбачыць гэта першай навіной. Тут я іду – а там навіны няма, і нідзе няма... Мне кажуць, што паўгадзіны таму адбыўся выбух і на асфальце шмат крыві. У такой сітуацыі навіна павінна быць паўсюль, а яе нідзе няма.

Еўрарадыё: Паведамленне ў тваім блогу было ўвогуле адным з першых, змешчаных у сеціве!

– Здавалася б, проста напісаў нешта ў гадзіну ночы – і пайшлі кругі... Насамрэч тое, што пайшлі кругі ад мяне, сведчыць пра тое, што з беларускай журналістыкай нешта не тое. Бо пяць радкоў у ЖЖ не павінны быць асноўнай ці важкай крыніцай інфармацыі, калі сітуацыя – вось яна! Паедзь з камерай, з мікрафонам і высветлі ўсё сам!!! Мяне да гэтага часу здзіўляе, што ўвес наступны дзень па Euronews, па BBC, па CNN і яшчэ недзе там круцілі сюжэт, зняты на камеру АНТ.

Пры ўсім пры гэтым Ігар не лічыць свой Інтэрнэт-дзённік чымсьці накшталт медыі. На тое, каб весці блог "на публіку", у яго пакуль што няма, як кажуць, ні часу, ні натхнення... Хаця ўмовы, у якія беларускі праграмер трапіў пасля пераезду ў Швейцарыю, дазваляюць спецыялісту ўсё, у чым ён адчувае неабходнасць.

– Я працаваў у Мінску і мне падабалася мая праца. Я добра ставіўся да свайго шэфа, мне было цікава. Але ўсё роўна а 18-й я ўставаў і сыходзіў. Таму што мне было што рабіць дома, і тое трэба было зрабіць, і гэта. А на працы я гэта зрабіць не мог. Там не было нармалёвай гарбаты, там недастаткова Інтэрнэту... Я ніколі не думаў, што ад працадаўцы можна патрабаваць чаго-небудзь. І для мяне розніца, якую я адчуў літаральна адразу, была вельмі вялікай. У "Google" усё арганізавана так, што неабходнасці ўстаць і сыйсці, няма. Гэта не значыць, што цябе нехта трымае. Ты можаш перапыніць працу ў любы
момант, пайсці па добрую гарбату ці каву, з'есці шакалад, атрымаць масаж, наведаць душ ці трэнажорную залу, пайсці ў чат з сябрамі і пасля ізноў пачаць працаваць!

Наколькі я разумею, часу хапіла б і на тое, каб з'ездзіць на "Басовішча". Як і ў мінулым годзе. Але сёлета Ігар ехаць у Гарадок не збіраецца. Чаму?

– Я б з'ездзіў усё роўна, бо ў мяне ментальная сувязь з гэтым фэстам, я там быў разоў шэсць. Але і смешна і сумна праз тое, як у гэтым годзе ўсё было зроблена. Да чэрвеня не былі вядомыя тэрміны фэсту, а каб узяць квіткі на самалёт, трэба ведаць даты за два-тры месяцы. Да пачатку ліпеня не было пэўнага складу выканаўцаў, а пасля высветлілася, што N.R.M. папросту не запрасілі... Усё разам прымусіла мяне скласці іншыя планы на гэты час. Ёсць падазрэнні, што арганізатары вяртаюцца да ранейшага фармату фэсту і будуць праводзіць яго выключна для беларусаў, якія жывуць у Польшчы. І ім будзе пляваць, прыедуць на фэст беларусы з іншых месцаў, ці не. Калі так – нічога не зробіш.

Фота — Generation.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі