Польшча пратэстуе на мышах украінскую вакцыну ад каранавіруса

Вакцына на дражджах ад COVID-19 распрацавана львоўскімі навукоўцамі
Вакцына на дражджах ад COVID-19 распрацавана львоўскімі навукоўцамі

Выпрабаванні ўкраінскай вакцыны ад каранавіруса пачаліся ў Польшчы, паведамляе "Радыё "Свабода".

Украінская вакцына на дражджах ад COVID-19 распрацавана навукоўцамі Інстытута біялогіі клетак НАН Украіны ў Львове. Цяпер яна праходзіць тэсціраванне на мышах у польскім інстытуце ў Гданьску на імунагеннасць. Пасля гэтага трэба будзе даследаваць вакцыну яшчэ на трансгенных мышах у Кракаве.

"Гэтая вакцына ўяўляе сабой бялок або некалькі бялкоў каранавіруса, у першую чаргу бялок "шыпа". Самае важнае, каб там быў рэцэптар, і ўчастак, якім гэты вірус хапаецца за рэцэптар чалавечых клетак у альвеолах лёгкіх. Але дадаткова мы яшчэ сінтэзуем на спецыяльных дражджах, гуманізаваных, якія мадыфікуюць бялкі, яшчэ іншыя бялкі каранавіруса. Гэтая сумесь будзе больш эфектыўна дзейнічаць, выклікаючы з'яўленне антыцелаў", — сказаў кіраўнік інстытута Андрэй Сібірны ў інтэрв'ю "Радыё "Свабода".

У верасні 2020 года Інстытут біялогіі клетак НАН Украіны ў Львове атрымаў грант каля 10 мільёнаў грыўнаў на распрацоўку вакцыны ад COVID-19. Львоўскія біёлагі стварылі прадуцэнты вірусных бялкоў на аснове дрожджаў. Праект разлічаны на паўтара года, зараз ён знаходзіцца на стадыі завяршэння.

Даследаванні праводзяцца ў Польшчы, таму што ва Ўкраіне няма адпаведных лабараторый.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі