Плануецца стварыць экашколу для фермераў

У Беларусі плануецца стварыць школу для фермераў, зацікаўленых у вядзенні арганічнай сельскай гаспадаркі. Аб гэтым паведаміў праграмны дырэктар установы "Цэнтр экалагічных рашэнняў" Яўген Лабанаў. Паводле яго слоў, праект па стварэнні школы распрацаваны сумесна з міжнароднай арганізацыяй "Кааліцыя "Чыстая Балтыка". Ён атрымаў ухваленне Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі і цяпер праходзіць рэгістрацыю ў дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Кіравання спраў прэзідэнта.

Як сказаў Лабанаў, школа будзе праводзіць адукацыйныя мерапрыемствы для фермераў. Яны прадугледжваюць найперш адмову ад выкарыстання ў земляробстве хімічных рэчываў — пестыцыдаў і гербіцыдаў.

Акрамя таго, плануецца ствараць і распаўсюджваць адукацыйныя матэрыялы па тэме, якія грунтуюцца на вопыце краін, дзе развіта арганічная сельская гаспадарка, такіх, напрыклад, як Польшча, Швецыя, Германія, Грузія, паведамляе БелаПАН.