Першы беларус стаў святаром-рэдэмптарыстам па-візантыйску

25 лістапада ў Львове прадстаўнік Данецкага экзархату Ўкраінскай грэка-каталіцкай царквы ўладыка Сцяпан Мянёк высвеціў на святара беларуса Антона Нікалаева, члена мужчынскай манаскай Кангрэгацыі Найсвятога Адкупіцеля. Айцец Антон стаў першым беларускім святаром-рэдэмптарыстам у візантыйскім абрадзе. У суботу, 28 лістапада, у Брэсце на грэка-каталіцкай парафіі, з якой паходзіць новавысвечаны святар, адбудзецца яго прыміцыйная Святая Літургія.

У Беларусі з сярэдзіны 1990-х дзейнічаюць рэдэмптарысты лацінскага абраду, якія абслугоўваюць парафіі ў Гродне і ваколіцах. У хуткім часе ў нашай краіне плануецца адкрыццё першага манастыра рэдэмптарыстаў візантыйскага абраду.

Кангрэгацыя Найсвятога Адкупіцеля заснавана святым Альфонсам Лігуоры 9 лістапада 1732 года ў горадзе Скаля на поўдні Італіі для працы сярод самых бедных і адрынутых людзей. Сёння Кангрэгацыя Найсвятога Адкупіцеля налічвае каля 5,5 тысяч членаў, якія працуюць у 78 краінах свету.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі