Вы тут

Перанос або адмена? "Каста" пракаментавала мінскі канцэрт, які не адбыўся

Гурт "Каста" / @instagram.com/kastainsta

Музыкі з гурта "Каста" не маюць інфармацыі пра тое, калі змогуць выступіць перад беларускай публікай. Канцэрт мусіў адбыцца 9 красавіка ў Prime Hall, але за два дні да мерапрыемства раптам быў адменены.

"Упраўленне культуры Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, "вывучыўшы матэрыялы і тэксты песень", анулявала раней выдадзенае гастрольнае пасведчанне на права правядзення нашага канцэрта (у Беларусі без яго канцэрты не праводзяцца). Так што 9 красавіка мы дакладна не выступім у Prime Hall", паведамілі музыкі сваім прыхільнікам праз Instagram.

Па словах музыкаў, арганізатар мінскага канцэрта цяпер прыкладае ўсе намаганні, каб мерапрыемства адбылося ў будучыні.

"Цягам некалькіх дзён мы паведамім вам, гэта перанос або адмена", — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Музыкі з гурта "Каста" восенню актыўна падтрымалі беларускі пратэстны рух, выпусцілі кліп "Выходи гулять", у якім прыхільнікі пабачылі адсылку да беларускіх падзеяў. Сама кампазіцыя была напісаная яшчэ ў 2019 годзе, аднак відэа выйшла восенню 2020-га на фоне пратэстаў у Мінску і рэгіёнах і за суткі заняло першае месца ў трэндах беларускіх карыстальнікаў Youtube.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.