Вы тут

Перамога дабра або замацаванне лукашызму: 2022 год стане вырашальным

2022 год можа быць годам новага выбуху ва ўнутранай палітыцы / Еўрарадыё

Калі Лукашэнку ўдасца ўмацаваць сваё становішча, беларускую дэмакратычную супольнасць чакаюць фатальныя наступствы. Аднак будаваць старую сістэму з новым грамадствам немагчыма, адзначае ў інтэрв'ю Еўрарадыё гісторык Аляксандр Фрыдман.

Даведаліся ў эксперта, чаго чакаць у адносінах рэжыму з іншымі краінамі, чаму для беларусаў "лукашызм-2022" будзе горшым, чым "лукашызм-2021", але спадзявацца на лепшае ўсё роўна варта.

 

Перамовы ўнутры не такія важныя — крызіс стаў знешнепалітычным

Хоць тэма дыялогу час ад часу ўсплывае ў навінах, яна не ў беларускім трэндзе. Нават калі гіпатэтычна ўявіць перамовы Лукашэнкі і дэмакратычных сіл пра адмену санкцый у абмен на вызваленне палітвязняў, тут дэмсілы не могуць ні на што паўплываць, лічыць Аляксандр Фрыдман.

Дэмсілы не могуць вызваліць палітвязняў з дапамогай перамоваў / Еўрарадыё

— Беларускі крызіс стаў знешнепалітычным. Гэта сутыкненне паміж Расіяй і Захадам, якога спрабавалі ўнікнуць.

Еўрапейскі саюз, Амерыка, Вялікабрытанія ўводзяць санкцыі супраць Лукашэнкі не толькі таму, што працягваюцца рэпрэсіі. А ў першую чаргу праз тое, што Лукашэнка закрануў іх уласныя інтарэсы. Адносна сур'ёзныя санкцыі сталі ўводзіцца толькі пасля справы Пратасевіча і ў кантэксце міграцыйнага крызісу.

Якую выснову для сябе зробіць Лукашэнка, зыходзячы з гэтага? Выснова на паверхні: пакуль Лукашэнка прыгнятае ўласнае насельніцтва, сур'ёзнага вонкавага ціску не варта баяцца. Калі ж ён працягне шкодзіць інтарэсам заходніх краін, тады можна сур'ёзна атрымаць. Гэта гучыць вельмі сумна, але, на жаль, так выглядае палітычная рэальнасць.

Курдская сям'я з Ірака з сямю дзецьмі ў лесе каля Нарэўкі / Wojtek Radwański / AFP

Міграцыйны крызіс гасне, але суседнія краіны рыхтуюцца да таго, што мігранты зноў пойдуць на мяжу, адзначае Аляксандр Фрыдман.

— МУС Латвіі зрабіла заяву, што рэжым Лукашэнкі, выглядае, перапрафіляваўся на латвійскі кірунак. Няма актыўнай фазы, але пакуль не відаць, каб Лукашэнка цалкам адмовіўся ад гэтага праекта.

Так, Еўрапейскі саюз выбіў тут Лукашэнку глебу з-пад ног. Дастаўляць мігрантаў цяпер вельмі складана. Але калі яны [беларускія ўлады. — Еўрарадыё] вельмі захочуць гэтага, то рэалізуюць.

Што да ўцёклага польскага салдата, не думаю, што з гэтага можна зрабіць доўгатэрміновую кампанію. Яго расказы — бальзам на душу Лукашэнкі. Таму што ён паказвае Польшчу ў тым выглядзе, у якім рэжым падае яе ў сваёй прапагандзе. Можа быць, гэта помста Польшчы за паразу ў міграцыйным крызісе, аднак у заходніх СМІ пра гэта амаль не гавораць.

 

Украіна можа пайсці на прынцып

Беларускія ўлады рызыкуюць канчаткова сапсаваць адносіны з Украінай / Еўрарадыё

У адносінах з Расіяй і Украінай Лукашэнка абраў адкрыта прарасійскую пазіцыю. Гэта можа прымусіць украінскі бок пайсці на ўзмацненне жорсткасці адносін з рэжымам.

— Ва Украіны вельмі цяжкае становішча. Ёй неабходныя пастаўкі беларускай электрычнасці і беларускага паліва. Ёй вельмі складана з эканамічнага пункту гледжання і з геапалітычнага таксама цалкам разарваць адносіны з Беларуссю.

Лукашэнка на словах хацеў бы паехаць у Крым, але, думаю, сваё цела яму туды давядзецца аднесці. Расія ад яго не адчэпіцца. Далей пытанне ўкраінскай прынцыповасці: ці будуць яны закрываць вочы, ці паспрабуюць зрабіць выгляд, што нічога не заўважылі. Разрыў для Украіны будзе вельмі цяжкім, але, мяркую, Лукашэнка будзе паводзіць сябе такім чынам, што ва Украіны проста не застанецца варыянтаў.
 

Уплыў Расіі не варта пераацэньваць

Лукашэнка не гатовы выконваць загады Пуціна / Reuters

Аляксандр Фрыдман падкрэслівае, што беларускія ўлады і ў эканамічным, і ў палітычным плане залежныя ад Расіі, але дакладна ацаніць ступень уплыву Расіі на рэжым немагчыма.

— На Захадзе існуе меркаванне, што Лукашэнка толькі выконвае загады Пуціна і адыгрывае абсалютна несамастойную ролю. Але звесці сённяшняга Лукашэнку да ролі звычайнай марыянеткі складана. У яго не зусім той характар.

Маскве хацелася б, каб было так. Але ён усё ж спрабуе брыкацца, хоць магчымасцяў для гэтага ўсё менш.

Што ж да канстытуцыйнай рэформы і таго, у якой ступені гэта прасоўвае Расія, — пытанне спекуляцый. Уплыў Расіі на канстытуцыйныя пераўтварэнні, якія Лукашэнка праводзіць, з майго пункту гледжання, перабольшаны.

Можа быць, ім хацелася б, каб у Беларусі было стабільней. А можа, ім патрэбны Лукашэнка ў сённяшняй агрэсіўнай іпастасі. Калі яго можна выкарыстоўваць для нейкага абвастрэння, а потым ім прыкрыцца. Таму пры любых ацэнках расійскага фактару я вельмі стрыманы.
 

"Крызіс падыдзе да развязкі"

Падзеі 2022 года вызначаць, ці можа ў сучаснай Еўропе існаваць рэжым, які выбудаваў Лукашэнка.

Калі рэжым умацуецца, "лукашызм-2022" будзе яшчэ горшым / Еўрарадыё

— Беларускі крызіс падыдзе да нейкай развязкі. Спадзяюся, што станоўчай. Калі мы паглядзім на вынікі 2021 года, то Лукашэнка знішчыў пратэсты. Прынамсі, іх знешнія праявы. Унутры краіны пануе атмасфера страху. Гэта можна назваць "сталінізмам 2.0".

У той жа час эканамічная сітуацыя кардынальна не пагоршылася. Заробкі, хоць і нязначна, але выраслі, ВУП вырас. Шмат у чым унутрыпалітычных мэт Лукашэнка дамогся. Хоць усе спробы гуляць на знешнепалітычным полі скончыліся правалам.

Цяпер Лукашэнка спрабуе стабілізаваць сістэму, якую будаваў увесь 2021 год. Налета стане канчаткова зразумела, ці ўдасца яму гэта, ці пройдзе рэферэндум без узрушэнняў і хваляванняў. Ці ж будуць новыя знешнепалітычныя выклікі, санкцыі, ціск. Можа быць, прачнецца нейкі рух у самой Беларусі. Тады 2022 год можа быць годам новага выбуху.

У кожным разе падзеі, якія пачаліся яшчэ летам 2020 года, павінны да нечага прыйсці.

З аднаго боку мы маем альбо зусім чорны варыянт, калі ўсталёўваецца рэпрэсіўны рэжым Лукашэнкі ў самым горшым выглядзе. Лукашэнка-2021 — гэта найгоршае, што было ў гісторыі лукашызму. Праблема ў тым, што можа быць горш.

Калі ўсё стабілізуецца, то "лукашызм-2022" перасягне "лукашызм-2021". Мне не здаецца, што каток рэпрэсій здольны спыніцца. У яго сядзіць думка пра тое, што спыніцца — гэта адразу вярнуцца да жніўня 2020 года.
 

Усё дрэнна, але рэжым на схіле

Ёсць і пазітыўны сцэнар на 2022 год / Еўрарадыё

— Другі сцэнар — крушэнне сістэмы. Калі вы спытаеце мяне, якім чынам павінна адбыцца крушэнне рэжыму, я нічога не магу сказаць. Асаблівасць рэжыму Лукашэнкі, на жаль, заключаецца ў тым, што ён можа абрынуцца заўтра ці паслязаўтра, а можа праіснаваць яшчэ пяць гадоў.

Але пяць гадоў гэтаму рэжыму я б не даў. Я мяркую, што ён на схіле, ён зжыў сябе, ён як ланцугі на нагах. Беларускае грамадства цяпер не такое, як 20-25 гадоў таму. Яно перарасло Лукашэнку.

У сілу аб'ектыўных прычын, перш за ўсё расійскага фактару, не ўдалося перамагчы ў жніўні — верасні 2020 года. Але гэты рэжым асуджаны. І наступная спроба разарваць ланцугі будзе ўдалай.

Трохі пафасна гучыць, але тое, што адбываецца ў Беларусі са жніўня 2020 года, — гэта барацьба дабра і зла ў чыстым выглядзе. Жыць з думкай, што зло пераможа, цяжка. Таму, хоць усё дрэнна, нягледзячы ні на што, ёсць надзея, што ўсё будзе добра. І дабро пераможа.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.