Перакладчыца беларускага рамана на літоўскую мову атрымала за яго прэстыжную прэмію
Юргіта Яспаніце-Буракене / facebook.com/literaturos.vertejai
Паэтка і перакладчыца Юргіта Яспаніце-Буракене атрымала прэмію імя Дамінікаса Урбаса за 2026 год. Так Саюз перакладчыкаў Літвы (LLVS) ацаніў зроблены ёй пераклад рамана Евы Вежнавец (Святланы Курс) "Па што ідзеш, воўча?" (па-літоўску "Ko ateini, vilke?").
Журы прэміі падкрэсліла, што праца з арыгіналам была надзвычай складаная, а вынік аказаўся на высокім узроўні.
"За выдатна і плаўна перакладзены з беларускай мовы вельмі сакавіты, густы тэкст, за майстэрскае адлюстраванне культурных і гістарычных рэалій, прымавак, народнай мудрасці, за старанна адабраныя дыялектызмы, фальклорныя адценні і тэрміналогію, якая адлюстроўвае апісаны перыяд — міфічнае і гістарычнае светаўспрыманне рамана, — пры гэтым захоўваючы ўнікальны голас пісьменніцы Евы Вежнавец; а таксама за нататкі перакладчыцы, якія дапамагаюць чытачу пазнаць звычаі беларускага народа, міфічныя вобразы і рэаліі савецкага часу", — гаворыцца ў рашэнні журы.
Прэмія імя Дамінікаса Урбаса — адна з самых значных узнагарод у галіне перакладу ў Літве. Традыцыйна яна ўручаецца за найлепшы пераклад мастацкай літаратуры на літоўскую мову, які характарызуецца высокімі патрабаваннямі да захавання стылістыкі і духу арыгінала.
Раман "Па што ідзеш, воўча?" у 2021 годзе атрымаў прэмію імя Ежы Гедройця — самую значную недзяржаўную прэмію беларускай літаратуры.