ПЦ "Вясна" ўзнагароджаны прэміяй "Цюльпан правоў чалавека 2022"

Міністр замежных спраў Нідэрландаў Вопке Хукстра, праваабаронцы Марына Кастылянчанка і Канстанцін Старадубец / t.me/viasna96

Праваабарончы цэнтр "Вясна" ўзнагароджаны прэміяй "Цюльпан правоў чалавека 2022". Урачыстая цырымонія ўручэння прайшла 8 снежня ў Гаазе.

Прэмія "Цюльпан правоў чалавека" — штогадовая. Яна заснаваная ўрадам Нідэрландаў, уручаецца з 2008 года. Прэміяй ўганароўваюцца праваабаронцы за іх працу "па прасоўванні і абароне правоў чалавека ва ўсім свеце", а таксама за "асвятленне сумежных праблем". Пераможца атрымлівае прыз у памеры 100 тысяч еўра і бронзавую скульптуру ў форме цюльпана.

"Мы верым, што гэтая цяжкая праца рана ці позна прынясе плён, як для нас, так і для ўсёй дэмакратычнай Беларусі, — казалі на ўручэнні прадстаўнікі "Вясны". — Наша барацьба не скончаная і будзе працягвацца, пакуль апошні палітвязень не выйдзе на волю, а справядлівасць не адновіцца. І мы можам гарантаваць, што праваабаронцы прыйдуць на дапамогу ў патрэбны час, калі нарэшце наступяць незваротныя змены".

У тройку прэтэндэнтаў на прэмію сёлета былі абраныя беларускі Праваабарончы цэнтр "Вясна", праваабаронца з Камбоджы Ленг Оуч і "Тайскія адвакаты за правы чалавека". Узнагароду ўручаў міністр замежных спраў Нідэрландаў Вопке Хукстра.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.