Паўла Вінаградава аштрафавалі на 6,3 млн рублёў за акцыю з труной

Паўла Вінаградава аштрафавалі на 6,3 млн рублёў за акцыю з труной

Актывіста маладзёжнай грамадзянскай ініцыятывы "Zмена" Паўла Вінаградава аштрафавалі на 6,3 млн рублёў за правядзенне 31 студзеня ў Мінску несанкцыянаванай акцыі супраць увядзення новых падаткаў. Такое рашэнне было прынятае 5 лютага суддзёй Маскоўскага раённага суда сталіцы Таццянай Матыль, інфармуе БелаПАН.

Актывісты "Zмены" правялі акцыю каля ўваходу ў будынак інспекцыі па падатках і зборах сталіцы. Яны перагарадзілі ўваходныя дзверы труной з надпісам "У труне бачылі вашы падаткі", а побач устанавілі плакат: "Хопіць рабаваць свой народ". Пры гэтым усе ўдзельнікі акцыі за выключэннем Вінаградава прыкрылі твары, каб застацца непазнанымі.

Па словах Вінаградава, ён вырашыў правесці "сацыяльны эксперымент" — "праверыць, што будзе актывісту за ўдзел у вулічным экшэне пратэстнага характару ў 2016 годзе, пакуль не атрыманы крэдыт і не знятыя санкцыі". Актывіст меркаваў, што яго чакае адміністрацыйны арышт і прыйшоў у суд з сабранымі рэчамі. Аднак суд прыняў рашэнне спагнаць штраф.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі