Паўла Севярынца, які знаходзіцца пад арыштам, аштрафавалі на 1150 рублёў

Сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Паўла Севярынца, які знаходзіцца пад адміністрацыйным арыштам, аштрафавалі на 1150 рублёў. Такое рашэнне 7 красавіка вынес Цэнтральны суд Мінска (суддзя — Вікторыя Шабуня). Палітыка пакаралі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі каля КДБ, якая адбылася ўвечары 31 сакавіка. Севярынец і яшчэ некалькі чалавек выказалі падтрымку затрыманым па “справе патрыётаў”. У той дзень палітык быў асуджаны на 10 сутак арышту за ўдзел у абароне Курапатаў, але яго адразу не затрымлівалі і ён паспеў паўдзельнічаць у чарговай вулічнай акцыі. На волі Павел Севярынец прабыў чатыры дні, перад гэтым ён адбываў 15 сутак арышту ў Оршы за ўдзел у шматлюднай вулічнай акцыі “Марш недармаедаў”.

Жонка Севярынца Вольга піша ў Facebook, што “калі нічога новага не адбудзецца, то вызваляць Пашу ў панядзелак 10 красавіка а 19.00”.