Вы тут

Пасля 13 сутак мінчука затрымалі на выхадзе з Акрэсціна і зноў арыштавалі

Акрэсціна / Еўрарадыё

22 верасня на выхадзе з Акрэсціна затрымалі 41-гадовага мінчука Дзмітрыя Палякова, пішуць праваабаронцы "Вясны".

Мужчына адбыў 13 сутак арышту па авбінавачанні ва ўдзеле ў несанкцыянавым вулічным шэсці. Яго затрымалі 9 верасня ў мінскім мікрараёне Кунцаўшчына, дзе мусіў адбыца дваровы марш. 

Сваякі не дачакаліся Палякова — і знайшлі яго ў судзе: мужчыну судзілі па абвінавачанні ў дробным хуліганстве (арт. 19.1 КаАП). Справу разглядала суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Ала Скуратовіч

Палякоў расказаў, што пасля вызвалення вяртаўся дадому радасны. Да яго падышлі два супрацоўнікі ў цывільным і прапанавалі праехаць з імі. Мужчына мяркуе, што затрымалі яго таму, што ён прабег некалькі метраў. Маўляў, міліцыянты маглі вырашыць, што ён ад чагосьці ўцякае. Па дарозе яны пыталіся, чаму ён "такі шустры і буяны". На Палякова склалі пратакол, быццам ён хуліганіў у Фрунзенскім РУУСе.

На судзе мінчук сказаў, што не лаяўся і не паводзіў сябе задзірліва. Але пасля перапынку ў пасяджэнні і паказанняў сведкі-міліцыянта Палякоў пагадзіўся з пратаколам. На пытанне суддзі аб прычынах змены паказанняў ён заявіў: "Трошкі заблытаўся. Даўно не еў. Даўно не спаў. Трохі дэзарыентаваны".

Па словах міліцыянта, ён павінен быў сустрэць Палякова, адвезці ў РУУС і правесці прафілактычную гутарку. Мужчына нібыта адразу пагадзіўся, але ў машыне пачаў весці сябе агрэсіўна, а пры выхадзе выбіў тэчку з рук міліцыянта. 

Суддзя Скуратовіч прысудзіла Палякову яшчэ 13 сутак арышту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.