Вы тут

Паротнікаў: Беларусь чакае або лацінаамерыканізацыя, або сацыяльная саветызацыя

Як будзе развівацца сітуацыя ўнутры Беларусі пасля чарговых прэзідэнцкіх выбараў? Гэта галоўнае пытанне, на якое спрабуюць знайсці адказ удзельнікі канферэнцыі ў Таліне “Рубікон-2015: Беларусь як фактар бяспекі і стабільнасці”. Кірунак абмеркаванню задае дэпутат парламента Эстоніі Марка Міхельсон сваім бачаннем таго, хто і як браў удзел у выбарах-2015.

                                                Марка Міхельсон

Марка Міхельсон: “Мы ведаем, што апазіцыя байкатавала выбары, а тыя, хто ў іх браў удзел, яны, зразумела, былі крэатурай улады. Таму казаць, што былі нейкія свабодныя выбары, няма сэнсу”.

І далей папярэджвае, што сёння еўрапейскія палітыкі задаюць сабе пытанне: ці можа развівацца ў Беларусі грамадзянская супольнасць, свабода слова і свабода думкі? Ад адказу будзе залежаць узровень узаемаадносінаў і даверу паміж Бруселем і афіцыйным Мінскам.

Знешнія адносіны, натуральна, — тэма важная, але беларускіх удзельнікаў “Рубікона” найбольш зачапіла менавіта “ўнутрыбеларуская” тэма.

Першым адрэагаваў палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст: маўляў, ніякай “крэатуры Лукашэнкі” сярод кандыдатаў не было — гэта для кіраўніка Беларусі занадта тонкая гульня. Іншая справа, што ў выніку прайгралі ўсе: і ўдзельнікі прэзідэнцкай кампаніі, і яе “ігноршчыкі”, упэўнены эксперт. А вось як палітычная сітуацыя ў краіне будзе развівацца далей?

                                        Юрый Дракахруст

Юрый Дракахруст: “Адзін з варыянтаў, і ён вельмі рэальны, — гэта зрыў нармалізацыі адносінаў паміж Беларуссю і Заходняй Еўропай. Зрабіць гэта проста: збіраюцца людзі на плошчы, яны некуды ідуць, нешта б’юць. Неабавязкова іх будзе шмат, бо інстынкты ў Лукашэнкі, а тым больш у людзей у пагонах, простыя — хапаць, саджаць. І тады ў Беларусі зноў з’яўляюцца палітзняволеныя, што будзе сігналам Бруселю — санкцыі можна зноў увесці. Другі сцэнар: парламенцкія выбары 2016 года. Я не выключаю, што большасць палітыкаў забудзе сёлетнія размовы на тэму “нельга хадзіць на выбары пры дыктатуры”, і ўтворыцца нейкі альянс, які возьме ўдзел у парламенцкіх выбарах, хоць па ўмовах яны не будуць адрознівацца ад выбараў-2015”.

Сапраўды, аб’яднаўшыся ў нейкі “альянс”, нават бацьку, як сцвярджае народная мудрасць, біць лягчэй. Ці ў нашым выпадку — спрабаваць выйграць выбары. Іншая справа, упэўнены прафсаюзны лідар Аляксандр Ярашук, што ніякія аб’яднаўчыя лозунгі рэальнаму аб’яднанню наяўнай апазіцыі не дапамогуць. І ён прапануе кардынальнае рашэнне праблемы — ампутацыю.

“Прыпыніць дзейнасць усіх палітычных партый. У якім яны стане, да якой ступені яны маргіналізаваныя і дыскрэдытаваныя — вядома. І ведаеце, у чым небяспека ўсіх гэтых кааліцый? Нават калі аб’ядналася большасць, а нехта не ўвайшоў у кааліцыю, то гэта ўжо аб’яднанне не “за”, а “супраць”. І таму мая прапанова: спыніць сяброўства ў партыях і аб’яднаннях не як юрыдычныя, а як фізічныя асобы. Стварыць нешта накшталт польскай “Салідарнасці”, — прапануе Ярашук лідарам апазіцыі.

                                                   Аляксандр Ярашук

Калегу фактычна падтрымлівае Андрэй Паротнікаў. Эксперт упэўнены: цяперашнія апазіцыйныя лідары страцілі давер народа, і ўсе спадзяванні — на з’яўленне лідара новага. Вось толькі адкуль і калі ён з’явіцца?

                                            Андрэй Паротнікаў

Андрэй Паротнікаў: “Для таго каб ён з’явіўся, неабходна, каб запусціліся механізмы самаачышчэння апазіцыйных структур. Каб тыя лідары, якія часцяком “руляць” сваімі партыямі прыблізна столькі ж, колькі Лукашэнка сядзіць у крэсле прэзідэнта, пайшлі на заслужаны адпачынак. У рэгіёнах дастаткова шмат актыўнай, са стратэгічным мысленнем моладзі — яны ў стане зрабіць больш, чым сёння ім даюць старыя. Але іх пакуль на першы план не выпускаюць”.

Святлана Калінкіна ў якасці “лідара грамадскай думкі” больш спадзявацца менавіта на грамадства і заклікае.

                                      Святлана Калінкіна 

Святлана Калінкіна: “Мы павінныя абмяркоўваць “Беларусь заўтра” зыходзячы з таго, што выбараў няма, што павінен быць ціск унутры Беларусі на ўладу, што людзі хочуць выбараў, хочуць, каб іх чулі. І гэты грамадскі ціск унутры Беларусі і трэба абмяркоўваць: як яго арганізаваць? Зборам подпісам, няўдзелам у выбарах, байкотам нейкіх дзяржаўных кампаній і мерапрыемстваў? На маю думку, будаваць далейшыя стратэгіі на тым, што ёсць выбары, што можна заваяваць той электарат ці гэты, аб’яднаць іх ці раз’яднаць — гэта ўтапічная тэорыя”.

Але ці сапраўды шараговыя беларусы хочуць нешта мяняць? Жыццё прымусіць, упэўнены эканаміст Леанід Злотнікаў.

                                       Леанід Злотнікаў

“Па маіх разліках, калі знешняй падтрымкі і вялікай прыватызацыі не будзе, то рэальнае зніжэнне даходаў насельніцтва, заробкаў, пенсій і гэтак далей складзе за паўгода-год прыблізна 15-20%. Гэта глыбокае падзенне. Але калі нават і будзе знешняя падтрымка, то гэтыя грошы будуць з’едзеныя, бо рэжым не збіраецца мяняць мадэль і ісці на рэформы”.

Тут, праўда, узнікае сумнеў у тым, ці падштурхне сённяшняга беларуса нават зніжэнне яго ўзроўню жыцця да пратэстаў. Са слоў сацыёлага Сяргея Нікалюка вынікае, што не варта гэтага чакаць. Ды і ажыццяўленне рэформ, кажа ён, залежыць не толькі ад жадання беларускіх уладаў.

“Сур’ёзныя змены Беларусі не могуць быць без сур’ёзных зменаў у Расіі. Яна гэтага проста не дапусціць. Альбо эканамічна, альбо, як мы пабачылі на прыкладзе Украіны, з яе боку магчымыя не толькі эканамічныя дзеянні”.

Дык што ж чакае Беларусь на думку экспертаў? Андрэй Паротнікаў дае даволі змрочны прагноз трансфармацыі беларускай улады ў найбліжэйшай будучыні.

“Першы варыянт — лацінаамерыканізацыя Беларусі. Калі бенефіцыяраў наяўнай сістэмы робіцца ўсё менш. Гэта будзе вышэйшая наменклатура, прыдворны бізнес, “сям’я”, верх сілавога блоку і частка спецслужбаў. Астатнія будуць знаходзіцца ў стане лёгкага голаду. Другі варыянт: далейшая сацыяльная саветызацыя. Калі “бедненька, але роўненька”. На карысць другога варыянту грае тое, што Лукашэнка лічыць сябе “народным прэзідэнтам”. На першы варыянт працуе той факт, што ўзрост бярэ сваё, і яму давядзецца абапірацца на больш маладых, цынічных і менш гуманных суб’ектаў у сваім атачэнні”, — разважае Паротнікаў.

                             Аляксандр Класкоўскі і Андрэй Паротнікаў

Фота: Змітра Лукашука