Парэшткі з магілы ў Свіслачы належаць не брату Каліноўскага

Парэшткі з магілы ў Свіслачы належаць не брату Каліноўскага

У меркаванай магіле Віктара Каліноўскага пахаваны зусім не брат Кастуся Каліноўскага. Да такой высновы прыйшлі літоўскія навукоўцы, прааналізаваўшы вынікі ДНК-экспертызы, перададзеныя беларускім бокам. 

Як паведамлялася раней, беларускія спецыялісты правялі эксгумацыю парэшткаў з меркаванай магілы Віктара Каліноўскага, правялі ДНК-аналіз і перадалі ў Літву. Літоўскія спецыялісты параўналі атрыманыя звесткі з ДНК паўстанцаў, знойдзеных на гары Гедзіміна.

"Наш судовы медык супаставіў дадзеныя і прыйшоў да высновы, што храмасомы і ДНК не супадаюць з ДНК Кастуся Каліноўскага. Таму пахаванне ў Свіслачы — не брата Кастуся Каліноўскага. Ідэнтыфікаваць, хто пахаваны ў магіле, не падаецца магчымым, гэта невядомая асоба", — распавёў тэлеканалу "Белсат" прафесар Віленскага ўніверсітэта Рымантас Янкаўскас, каардынатар па ідэнтыфікацыі парэшткаў.

Літоўскі бок наракае на познюю перадачу вынікаў экспертызы. Вядома, што Следчы камітэт Беларусі правёў эксгумацыю парэшткаў яшчэ ў ліпені. 

"Чаму беларускі бок так позна перадаў нам матэрыялы — на гэтае пытанне мае адказаць беларускі бок. Бо, як вынікае з дакументаў, генетычная экспертыза была зроблена яшчэ 1 кастрычніка, а антрапалагічная экспертыза завершаная яшчэ напрыканцы верасня. Таму паўтара месяца мы былі ў невядомасці", — кажа прафесар Янкаўскас. 

Парэшткі ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў, у тым ліку і Кастуся Каліноўскага, урачыста перапахаваюць 22 лістапада ў Вільні. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі