Памёр вязень сталінскага ГУЛАГу Віктар Сікора

У вёсцы Малыя Алашкі ў Пастаўскім раёне памёр Віктар Сікора (1925 - 2008), удзельнік беларускага нацыянальнага Супраціву часоў Другой сусветнай вайны, вязень сталінскага ГУЛАГу. Пра гэта сёння паведаміла Радыё Свабода.  Віктар Сікора - сын вядомага селекцыянера-садавода Івана Сікоры. Падчас нямецкай акупацыі ён быў сябрам Саюзу беларускай моладзі, Беларускай незалежніцкай партыі.

Вясной 1945-га стварыў у родных мясцінах беларускі антысавецкі партызанскі атрад, які не вёў баявых дзеянняў, а марна чакаў пачатку вайны Захаду з СССР. Летам 1945-га частка партызанаў сышла ў Польшчу, Сікора застаўся, праз колькі месяцаў быў арыштаваны.

У вілейскай турме, дзе яго катавалі, Сікора напісаў такі верш:

"І сумна, і цяжка навокал,
І сьцены нямыя вартуюць мяне.
Жыву, як пустыньнік, адзін-адзінока
У Вілейскай страшэннай турме.

І чую я толькі, як вецер здалёка,
Прыбегшы, завые, заплача ў кутку.
Ці шум самалёта ў небе высокім,
Ці грукат калёс ублізі, на мастку…

Зь людзей я ня бачу нікога,
Хоць скрытна гляджу ў акенца сваё.
І стане мне шкода жыцьця маладога,
Што марна так гіне яно…".


На волю Віктар Сікора выйшаў ў канцы 1954 года. Ён жыў у вёсцы Малыя Алашкі, дапамагаў бацьку, скончыў сельгасакадэмію.

Віктара Сікору пахаваюць заўтра на могілках у вёсцы Мельніца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі