Памёр Кароль поп-музыкі

Позна ўночы 26 чэрвеня стала вядома, што ў Лос-Анджэлесе, у выніку сардэчнага прыпадку, памёр Майкл Джэксан (Michael Jackson), “Кароль пап-музыкі”, найбольш важная персона з часоў Элвіса Прэслі. У 12:21 па каліфарнійскім часе ў прыватны дом Майкла Джэксана ў Халнбі Хілз, Бэл-Эйр, ЛА, была выкліканая хуткая дапамога. Яны даехалі за 42 секунды.

На момант прыезду рэаніматолагаў спявак не дыхаў 3 хвіліны 12 секунд. Медыкі канстатавалі спыненне сэрца. Джэксан быў як найхутчэй транспартаваны ў UCLA ― кардыялогію Універсітэта Каліфорнія, бліжэйшы шпіталь ад яго віллы ў Бэл-Эйр.

На працягу гадзіны пасля шпіталізацыі спевака яго родныя і блізкія працягвалі адказваць прэсе, што стан Майкла цяжкі, і больш яны нічога не ведаюць. У прыватнасці, такія словы пачулі журналісты ад бацькі спевака.

Тым часам у прэсу амаль праз паўтары гадзіны прасачыліся звесткі, што кароль поп-музыкі памёр, не прыходзячы ў прытомнасць. Першым пра гэтае паведаміў сайт www.tmz.com.

Пазней на розных інтэрнэт-рэсурсах з’явілася больш падрабязная інфармацыя пра тое, што медыкі безвынікова спрабавалі рэанімаваць Майкла Джэксана, але выглядала так, што на момант, калі ён трапіў у кардыяцэнтр, ён быў ужо мёртвы.

Афіцыйна пра яго смерць было абвешчана ў 14:36 па сярэднекаліфарнійскім часе. Пра гэта паведаміў прэсе старэйшы брат Майкла Джэрмэн.

Сястра Майкла, Ла Тоя Джэксан літаральна разам з брыгадай парамедыкаў уварвалася ў клініку. З ёй здарылася гістэрыка. У шпіталі знаходзіцца таксама маці Джэксана, Катлін.

Каля клінікі, дзе пакуль знаходзіцца цела Майкла Джэксана, збіраецца натоўп фанатаў ды спачуваючых.

“Я згубіў свайго малодшага брата, і частка маёй душы назаўсёды сышла разам з ім” ― так адрэагаваў на трагічныя навіны Куінсі Джонс, першы прадзюсэр Майкла Джэксана і даўні сябра ягонай сям’і.

Майклу Джэксану ў жніўні мусіў споўніцца 51 год. Ён пакінуў трох дзяцей ― Майкла Джозэфа Джэксана-малодшага, Пэрыс Майкл Кэтлін Джэксан ды Прынс “Бланкет”(“Коўдрачку”) Майкла Джэксана ІІ-га.

Некаторыя амэрыканскія тэлеканалы выходзяць у эфір без гукавога суправаджэння сваіх заставак.

Інтэрнэт перагружаны з моманту калі стала вядома пра смерць поп-караля.

"Ён быў хлопцам, якога не разумелі больш за ўсіх у цэлым свеце" ― сказаў былы целахоўнік спевака Мэтт Фідз.

Апошнім часам было чуваць, што спявак рыхтуе новы альбом, плануе трыумфальнае вяртанне на сусветную сцэну, а таксама збіраецца збудаваць у Англіі парк атракцыёнаў “Neverland”. Планавалася і ўз'яднанне легендарнага гурта The Jackson’s 5 з каляднымі шоў у Лас Вегасе.

На пачатку 2009 году ў Лондане прайшлі выбуховыя прэм'еры м'юзіклу, пастаўленага па матывах біяграфічных фактаў жыцця і найбольш вядомых твораў Майкла Джэксана.

Вяртанне на сцэну было запланавана серыяй з 50-ці канцэртаў у лонданскай О2 Arena пад назвай “This is it”. На канцэрты ў О2 было прададзена ўжо больш за 750 000 квіткоў.

Першы з канцэртаў павінен быў адбыцца 13 ліпеня гэтага года.

Арнольд Шварцэнэгер, губернатар Каліфорніі, сказаў: "Майкл Джэксан быў адной з найбольш уплывовых ды іконападобных персон у свеце".

Еўрарадыё спачувае блізкім Майкла Джэксана, і ўсім неабыякавым да музыкі і асобы Майкла.



Па матэрыялах: Billboard, LA Times, BBC News
Фота: sundaymercury.net, Dave Hogan/Getty Images Europe
Апошняе відэа з Майклам Джэксанам, на якім ён абвясціў пра "This is it": YouTube.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі