Вы тут

Палякі заступаюць на патруляванне паветранай прасторы краін Балтыі

Знішчальнік F-16 Fighting Falcon​ / military.com

Польскія вайскоўцы на наступным тыдні пачнуць місію паветранай паліцыі НАТА ў краінах Балтыі, паведамляе Мінабароны Літвы.

Палякі зменяць датчан, якія тры месяцы ахоўвалі паветраную прастору Балтыі. Цырымонія змены воінскіх часцей адбудзецца 30 лістапада на базе авіяцыі ВПС Літвы ў Шаўляй.

Ваеннаслужачыя ВПС Польшчы 10-ты раз будуць удзельнічаць у гэтай місіі НАТА. Іх змена ўключае 150 чалавек. Акрамя пілотаў, у склад групы ўваходзяць тэхнікі, медперсанал, сувязісты, групы падтрымкі і іншыя спецыялісты. Паветраную прастору краін Балтыі польскія лётчыкі будуць патруляваць на чатырох знішчальніках F-16 Fighting Falcon.

НАТА накіроўвае войскі і знішчальнікі для абароны паветранай прасторы Балтыі з сакавіка 2004 года, калі Літва, Латвія і Эстонія сталі членамі Паўночнаатлантычнага альянсу. Місія польскага кантынгенту стане 58-й па ліку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.