Палкоўнік ФСБ: Працэс паглынання Расіяй Беларусі дэ-факта ўжо адбыўся

Палкоўнік ФСБ: Працэс паглынання Расіяй Беларусі дэ-факта ўжо адбыўся

Працэс паглынання Расіяй Беларусі дэ-факта ўжо адбыўся. Такое меркаванне ў інтэрв'ю "Радыё Свабода" выказаў палкоўнік расійскага ФСБ у адстаўцы, былы дэпутат Дзярждумы і кіраўнік цэнтральнай рады партыі "Справядлівая Расія" Генадзь Гудкоў.

Па яго словах, Лукашэнка больш не з'яўляецца самастойнай фігурай. Ён цяпер — "перадатачнае звяно".

"Пры ўсёй маёй павазе да беларускага народу Беларусь сёння не з'яўляецца суверэннай і незалежнай краінай. Яна цяпер цалкам залежная ад Расіі, ад Пуціна, ад яго фінансаў, ад яго падтрымкі. Я маю на ўвазе тую ўладу, якая цяпер у Беларусі захопленая, узурпаваная Аляксандрам Лукашэнкам", — кажа Гудкоў.

Ён мяркуе, што беларускі народ не ў стане справіцца з Лукашэнкам, таму што за ім стаіць Пуцін. 

"Таму калі Лукашэнка і сыдзе, то сыдзе ў якія-небудзь "саюзныя" органы. Я бяру гэтае слова ў двукоссе, бо ніякага саюзу няма — ідзе не інтэграцыя, а паглынанне Беларусі Расійскай імперыяй, давайце называць рэчы сваімі імёнамі, шчыра, як нам гэта ні горка і ні сумна. Ідзе працэс паглынання Беларусі Расіяй, ён яшчэ не да канца завершаны дэ-юрэ, але дэ-факта ён ужо адбыўся", — лічыць Гудкоў.

На думку палкоўніка, беларускі народ больш гатовы да Еўропы, дэмакратыі і свабоды, чым расійскі народ. 

"Гэта маё перакананне. Беларусы гатовыя з пункту гледжання і менталітэту, і парадку, і поглядаў, і традыцый. Але не дасць Пуцін, не дасць Расія беларусам рухацца да прагрэсу і свабоды, пакуль Пуцін будзе ў Крамлі", — рэзюмуе эксперт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі