Палітолаг пра выбары ў Расіі: Гэта было галасаванне пратэсту

Еўрарадыё: Яшчэ не ўсе сто адсоткаў бюлетэняў падлічаныя, мы не можам казаць пра канчатковыя вынікі выбараў. Можна сказаць, што "Единая Россия" набрала прыкладна пяцьдзясят адсоткаў галасоў і пэўныя высновы можна ўжо зрабіць. Ці гэтыя вынікі азначаюць паразу "партыі ўлады"? А можа — гэта толькі бачнасць палітычнай барацьбы?
111205 Koktysh_site.mp3
Коктыш: Не, гэта не бачнасць палітычнай барацьбы. Гэта сапраўды параза партыі "Единая Россия". Ці з'яўляецца гэта паразаю чыёйсьці яшчэ — мы паглядзім праз тры месяцы. Паглядзім, як будуць складвацца працэсы. Але цяпер ужо відавочна, што, як адзіная партыя ўлады, "Единая Россия" больш не цікавіць расійскага грамадства. Калі ўзяць да ўвагі адміністратыўны рэсурс і нейкія сумнеўныя здарэнні, што ўзнікалі падчас галасавання, то падтрымка партыі будзе меншая за тыя пяцьдзясят адсоткаў.

Еўрарадыё: Дык што — расійскае грамадства цяпер паверыла ў камуністаў?

Коктыш: Расійскае грамадства галасавала за абы-каго — толькі не за "Единую Россию". Гэта было галасаванне пратэсту, якое пачне зараз цікавыя палітычныя працэсы. Падчас эканамічнага крызісу, які цяпер падыходзіць, эканамічны лібералізм не перажывае свае добрыя хвіліны, таму дзяржава з'яўляецца адзінай структурай, якая генеруе попыт, ці ў ЗША, ці ў Еўропе, ці ў Расіі. Таму можна сказаць, што ў такой сітуацыі камуністам шанцуе. У галіне эканомікі менаваіта іх інструменты павінны працаваць.

Еўрарадыё: А як гэтыя выбары могуць паўплываць на выбары прэзідэнта Расіі?

Коктыш: Вядома паўплываюць. Вынік прэзідэнцкіх выбараў пачынае рабіцца нявызначаным. Калі месяц таму вынік гэты быў, больш ці менш, відавочны (было вядома, што будзе Пуцін ці Мядзведзеў), то цяпер з'яўляюцца шанцы для нейкай трэцяй асобы. Рост іншых партый паказвае, што расійскае грамадства больш не прымае сітуацыі, калі ўсе рашэнні робяцца за яго. Таму гэта будзе не выгляд палітычнай барацьбы, а рэальная палітычная барацьба. За Мядзведзевым стаяла пэўная частка грамадства, якая спадзявалася на развіццё, інавацыі… Калі ж стала вядома, што кандыдатура Мядзведзева не будзе высунутая на выбары, паўстала пытанне, хто меў бы яго замяніць? Такім чынам, тая частка грамадства хутчэй супрацьстаіць Уладзіміру Пуціну. Гэтая барацьба не будзе адбывацца "пад коўдраю", яна будзе вельмі цікаваю...

Еўрарадыё: Гэтай трэцяй асобай будзе Зюганаў?

Коктыш: У Зюганава ёсць такія шанцы, як, зрэшты, і ў астатніх. Роля, якую палітык абірае для сябе, пачынае яго з часам падштурхоўваць наперад. Наўрад ці Зюганаў будзе асацыявацца з інавацыямі і развіццём. Гэта можа быць нейкая асоба з блізкага атачэння Мядзведзева або Пуціна. Яна можа быць нават і падстаўною, але такою, што хутка зможа ператварыцца ў сапраўдную. Ад успрыняцця расійскім грамадствам вынікаў выбараў шмат чаго залежыць. Калі яно прызнае вынікі — утворыцца адна рэчаіснасць, калі ж не прызнае, палічыць вынікі нелегітымнымі — рэчаіснасць будзе іншая.

Пройдзе два-тры дні і мы даведаемся, паводле якога сцэнару будзе развівацца сітуацыя. Гэтыя сцэнары вельмі розныя і яны па-іншаму прадугледжваюць здольнасць уладаў кіраваць сітуацыяй.

Еўрарадыё: У Беларусі таксама ў наступным годзе адбудуцца выбары — у Палату прадстаўнікоў. Ці беларускія ўлады могуць зрабіць нейкія высновы для сябе паводле вынікаў выбараў расійскіх?

Коктыш: Спачатку трэба, каб гэтыя высновы зрабілі расійскія эліты. Беларускія эліты пакуль не дэманстравалі шырокіх спектраў магчымых стратэгіяў. Звычайна стратэгія была адна і тая ж. Яна рэалізавалася, нягледзячы ні на што... Я скептычна стаўлюся да веры ў магчымасць беларускіх элітаў рабіць нейкія высновы. Беларускі парламентарызм не хутка стане аб'ектам мадэрнізацыі...

Фота — svobodanews.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі