Вы тут

Падвойная дыктатура крывых люстэркаў: Віктар Ерафееў пра Беларусь і Расію

Віктар Ерафееў

У канцы жніўня пісьменнік Віктар Ерафееў апублікаваў у нямецкай газеце Frankfurter Allgemeine Zeitung калонку "Трагедыя хлусні, нялюдскасці і ідыятызму" — пра тое, што адбываецца ў Беларусі і ў Расіі. Філосаф Павел Баркоўскі пераклаў яе для Еўрарадыё на беларускую мову. Публікуем гэты пераклад са згоды аўтара тэксту.

Былую савецкую імперыю ў жніўні ўзрушылі два магутныя выбухі, якія канчаткова загналі яе ў труну. Увесь свет стаў сведкам таго, што лютая рэакцыя Лукашэнкі на агульна-беларускі пратэсны рух, раўнаважны рэвалюцыі, і жахлівая гісторыя атручвання галоўнага расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага, выходзяць за рамкі палітыкі і ператвараюцца ў трагедыю хлусні, нялюдскасці і ідыятызму (Шэкспір ​​і Оруэл адпачываюць...).

Але тое, што былая імперыя апынулася ў труне, як ні парадаксальна, не азначае канец яе існавання. Яна ўваходзіць у стадыю “жыцця пасля жыцця”, якая нясе для яе і для свету непрадказальныя наступствы. Пасля канчатковага вызвалення ад маральных абавязацельстваў з нагоды элементарнага чалавечага суіснавання, не кажучы ўжо пра нейкія высокія тэмы цывілізацыі, некаранаваныя цары Беларусі і Расіі гатовыя на ўсё, каб захаваць назаўжды сваю бязмежную ўладу.

Зрэшты паглядзім, навошта ім патрэбна тая ўлада і што стаіць за пратэсным рухам.

Плакат пра Пуціна на пратэстах у Мінску / Еўрарадыё

Мы маем справу з двума рознымі велічынямі, што да цароў, што і да пратэстаў. Агульнае тут тое — мы жывем і ў Беларусі, і ў Расіі ў каралеўстве крывых люстэркаў. Прапаганда і савецкія стэрэатыпы — тыя, што засталіся ў насельніцтва, — ператвараюць палітычнае жыццё ў брыдкія карціны. Крывыя люстэркі застаюцца, але яны трэскаюцца, лопаюцца, у іх вераць усё менш ды менш.

А ў чым палягае адрозненне? Калі расійскі цар мацнейшы за беларускага, то, з адваротнага боку, беларускі пратэст значна мацнейшы, магутнейшы за расійскі.

Беларускі  Лукашэнка па сутнасці надзвычай просты. Ён любіць уладу і сам прызнаецца (у адным з нядаўніх інтэрв'ю), што акрамя як прэзідэнтам нікім іншым быць не ўмее і не можа. Ён прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе на хвалі народнага спалоху ад прывіду незразумелага капіталізму і пастараўся ператварыць Беларусь ў вялікі калгас. За сваю лаяльнасць Расіі, асабліва пачынаючы з праўлення Пуціна, ён браў вялікія грошы, 6-8 мільярдаў даляраў у год. Гэта была не маскоўская падачка, як думаюць некаторыя, а плата за васальную адданасць.

Але з цягам часу высветлілася, што Расія — дрэнны феадал. Яна патрабуе не толькі падпарадкавання, але і далучэння, да таго ж дзейнічае груба, жорстка. У крыві рускага імпэрыялізму ёсць садызм прыніжэння слабейшага партнёра, малодшага брата. Лукашэнка наеўся гэтых знявагаў, выжыў і стаў, як спрактыкаванае ў жыцці цяля, шукаць іншую матку. Гэта быў Захад. Захад для Беларусі — гэта рукой падаць як блізка. Гэта як паездка на лецішча — 180 км да мяжы. Ён прыадчыніў магчымасць асвечанаму насельніцтву мець зносіны з Захадам, і тут высветлілася, што Захад валодае тымі каштоўнасцямі (якія Захад сам не асабліва шануе ці нават прызабыў), якія патрэбны, нібы вітаміны, для знямоглай праз дыктатарскую хваробу краіны.

Уладзімір Пуцін 28 верасня / Reuters via Euroradio

Постсавецкі праеўрапейскі рух як беларусаў, так і Навальнага па сутнасці сваёй ёсць відавочным. Ніхто не хоча жыць у залежнасці ад несправядлівага суда, карупцыі, паліцэйскага свавольства і звязанай з рэжымам галечы. Пратэсны рух сцвярджае: хочам жыць па-людску. Прапагандысты Беларусі і Расіі з падачы ўладаў абвінавачваюць Захад у разбуральных дзеяннях. Але гэта дурасць. Дыктатарскі рэжым — сам па сабе — спрычыняе доўгатэрміновае разбуральнае уздзеянне на краіну і падданых.
 

Карацей, Беларусь прачнулася і пажадала нармальнай цывілізацыі, грамадзянскіх свабод і еўрапейскага дабрабыту. Лукашэнка ўсім гэтым сваю краіну забяспечыць не ў стане. Вось чаму ён нібы вар'ят зараз носіцца з аўтаматам і ў бронекамізэльцы, імітуючы ахвяру заходняй агрэсіі.

Беларускі пратэст мае ўсе рысы таго польскага пратэсту, які прывёў палякаў назад у Еўропу. Праўда, беларусам не хапае Леха Валенсы, і гэта сур'ёзны дэфіцыт. Аднак у іх паўстала апора ў выглядзе рабочага класа, а гэта магутная зброя рэвалюцыі. Да таго ж, рабочы клас Беларусі напоўнены палітычнай культурай, ён не проста хоча жыць лепей, яго ванітуе ад дыктатуры.

Рэвалюцыйнае хваляванне бачнае ва ўсіх пластах грамадства, у тым ліку ў людзей, што працуюць на ўрад, расколіны крывых люстэркаў ідуць у розных кірунках. Лукашэнку пара адкладаць свой калашнікаў і здавацца. Але ў запасе ў яго ёсць шматмільённы калашнікаў — армія Расіі і яе галоўнакамандуючы, які ў кожны момант можа працягнуць руку дапамогі. Гэты жэст адпрацаваны ў Савецкім Саюзе ў адносінах да Венгрыі, Чэхаславакіі. Паспяховае ўзяцце Крыма таксама сведчыць аб магчымасцях Пуціна. Але ці пойдзе ён на гэты крок?

Двухаблічнасць Лукашэнкі, мабыць, надакучыць мела і Крамлю. Але, вядома, Лукашэнка ўсё роўна лепш за праеўрапейскіх лібералаў Беларусі. Развязанне гэтай галаваломкі — дапамагчы не дапамагчы — пакуль невядомае. Але калі пад руку трапіць хто-небудзь з кандыдатаў на новага прэзідэнта Беларусі, хто гатовы размаўляць з Масквой, то бывай, Лукашэнка! — Масква можа паспрабаваць дамовіцца і паступова патушыць народны гнеў.

Дэманстранты ў шапачках з фальгі на акцыі пратэсту ў Мінску / Еўрарадыё

У кожным выпадку, Беларусь вырвалася з палону пракрамлёўскіх каштоўнасцяў, не будзе часткай расійскай імперыі і калі нават рэжым Лукашэнкі пратрымаецца нейкі час, то гэта будзе штучнае існаванне, імітацыя жыцця. Беларусь вырвалася з палону.

Чаго не скажаш пра Расію. Ды і з якога палону вырывацца Расіі, калі яе ўлады самі гэты палон і арганізуюць? А калі справы такія, то трэба вырвацца з іх палону. Зрэшты, гэта задача складанейшая.

Пуцін не такі просты, як Лукашэнка. Ён — чалавек вялікай, цяжкай ідэі. Я б сказаў, хваравітай ідэі, таму што яна не толькі не можа быць здзейсненая, але і вельмі непажаданая. Ён хоча вярнуць назад Савецкі Саюз, хоць бы яго прывід. Лукашэнка — “калгаснік”, а Пуцін — афіцэр савецкага КДБ. Ён атрымаў ідэйнае выхаванне, постсавецкія бандыцкія гады наклалі на яго свой адбітак, ён не толькі выжыў, але і атрымаў поспех як ніхто. Яго кар'ера фенаменальная. З дваровага ленінградскага хлопчыка — ў прэзідэнты Расіі. Да гэтага часу, напэўна, круціцца яго галава, а разам з галавой круціцца там ідэя вярнуцца да моцы Савецкага Саюза.

Расія можа знішчыць увесь свет сваімі ракетамі. Лёгка. Але цікавей, вядома, каб свет паважаў і нават слухаўся Расію, як у двары слухаюцца моцнага і дзёрзкага маладзёна. Вось такі маладзён у нас ужо 20 гадоў працуе прэзідэнтам, на твары яго часта праслізгвае выраз расчаравання ў людзях наогул, але імперская мара мацней за расчараванні. Праўда, не на шмат. Адсюль праблемы. Вось чаму ў прэзідэнта часта ходзяць жаўлакі: ён не задаволены навакольным светам.

І ёсць такі чалавек, які асабліва яму псуе карціну свету — Навальны. Ён яго ні разу не назваў па прозвішчы. Так першабытныя людзі ніколі не называлі дзікіх звяроў на іх імя. Нават мядзведзь (у рускай мове) — гэта замена імя.

Аляксей Навальны / Reuters via Euroradio

Навальны — самы магутны апазіцыянер Расіі. Я яго трохі ведаю асабіста і мушу сказаць: гэта моцны, упэўнены ў сваіх поглядах палітык. Ён нічога звышнатуральнага не патрабуе для Расіі. Як і беларусы. Ён хоча годнай краіны, з годнай дэмакратычнай сістэмай. Да гэтай сістэмы прыйсці ў Расіі не проста. Расея не Беларусь.

У нас усё-ткі савецкая ўлада пакарчавала людзей мацней, чым у Беларусі ў цэлым. Усё ж такі да 1939 года значная частка заходняй Беларусі належала Еўропе. Мы ж пазбавіліся нармальных чалавечых каштоўнасцяў у 1917 годзе, і з нашых дзядоў і бацькоў павыбівалі ўяўленне пра гонар, годнасць. Мы былі савецкімі рабамі — і гэта не метафара.

Я летась быў у Мінску на літаратурным фестывалі. Тады ўжо адчувалася, што Еўропа на падыходзе. Мне там распавядалі, што палова беларусаў не прыняла анексію Крыма. У Расіі ж толькі 2 адсоткі былі супраць. Капітальная розніца. І вось у гэтыя нашы галовы пуцінская прапаганда запусціла міфы аб страшнай Амерыцы, распуснай Еўропе – беззмястоўныя, бяздарныя, але клейкія, ліпучыя міфы. Тым больш, што рускі чалавек жыве пры ўключаным тэлевізары цэлы дзень. А наш цар пастаянна падкрэслівае, што ўсё ў свеце прадаецца і купляецца (акрамя яго і бліжэйшых сяброў ўсіх можна купіць), і вось Навальнага купіў Захад.

Аляксей, вядома, чалавек жорсткіх правілаў. Ён не бальшавік, але Пётр Першы — яму паплечнік. І напэўна, каб прарвацца да еўрапейскіх каштоўнасцяў у Расіі патрэбны новы Пётр Першы. У апошні час Навальны стаў перамагаць. Ён прыдумаў "разумнае галасаванне", якое не дазволіла пра-ўрадавай партыі захапіць маскоўскую Думу цалкам, ды і шмат што іншае ў яго атрымлівалася. Ён раздражняў ўладу, ён стаў небяспечны, асабліва таму, што ў верасні будуць агульнанацыянальныя выбары.

Студэнтка пратэстуе праз тое, што ўлады не выконваюць беларускую Канстытуцыю

Вядома, улада ніколі не прызнаецца, што яна яго атруціла. Як не прызналася ў цэлым шэрагу іншых дзеянняў, ад малазійскага самалёта да Скрыпалёў і т.п. Для ўнутранага карыстання абвесцяць, але не афіцыйна, што гэта немцы яго атруцілі ўжо ў Берліне. Але і ў самім дзеянні атручвання ёсць нешта ад садызму Івана Жахлівага. Навальны дзіка крычаў у самалёце, у яго былі канвульсіі - ён стаў трагікамічны персанажам, яго высмеялі перад тым, як ён павінен быў памерці. Але ён не памёр. Далібог, каб ён вярнуўся да нармальнага жыцця!

Атручванне Навальнага — гэта ўдар па імперыі. Захад адштурхне Расію з агідай, ніякай іншай Ялты не атрымаецца, а разам з правалам іншай Ялты не будзе і іншага, гіпатэтычнага Савецкага Саюза. Небарака Пуцін, ён значыць дарма кіруе? Будзе ізаляцыя і абурэнне. Кітай, вядома, скарыстаецца ізаляцыяй і прыцягне Расію да сваіх планаў на будучыню.

Але ў самой Расіі ў выглядзе Расіі-атрутніцы будучыня будзе зноў жа жыццём пасля жыцця — марудным існаваннем. Магчыма, і ў нас вырастуць працоўныя з палітычнай культурай, магчыма і нашы жанчыны, узяўшы кветкі, аднойчы ўстануць (як у Мінску) у адзін ланцуг. Бо і ў нас ёсць пратэсты. Той жа Хабараўск. Жыхары далёкага горада ўсё ніяк не супакояцца, што ў іх адабралі папулярнага губернатара і пасадзілі ў турму. Але ўсё ж існуе розніца. У нас выйшлі на вуліцу незадаволеныя людзі, якія толькі эмацыйна ганьбяць рэжым, без асаблівай палітычнай культуры. У беларусаў, яшчэ раз падкрэслю, рэвалюцыя прыняла абрысы "Салідарнасці". Нам да гэтага няблізка. Але і не так далёка, як падаецца.

Пераклаў на беларускую Павел Баркоўскі

Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.