Вы тут

Падаткавікі: з сайтам былі праблемы, але цяпер працуе ў штатным рэжыме

Міністэрства па падатках і зборах / Еўрарадыё

Сайт Міністэрства па падатках і зборах і электронныя сэрвісы цяпер працуюць у штатным рэжыме. Пра гэта парталу TUT.by паведамілі ў прэс-службе МПЗ. 

Праблемы з некаторымі сэрвісамі сайта назіраліся ў нядзелю і зранку ў панядзелак — у прыватнасці, з асабістымі кабінетамі плацельшчыкаў. Зранку 14 верасня прэс-сакратар МПЗ Сяргей Шкут заявіў у каментары Office Life пра асобныя праблемы з асабістымі кабінетамі: "Ёсць прэцэдэнты. Яны ніякім чынам не адбіваюцца на функцыянале для плацельшчыкаў".

Адказнасць за хакерскія атакі на сайт узяла на сябе групоўка "Кібер Партызаны". Яна пагражала зламаць сайт падаткавікоў, калі 13 верасня ўдзельнікаў акцый пратэсту будуць затрымліваць.

У МПЗ падкрэсліваюць, што цяпер збояў у працы сэрвісаў для карыстальнікаў няма. 

"У дадзены момант усе электронныя сэрвісы, як і сайт міністэрства па падатках і зборах, працуюць у штатным рэжыме. Назіраецца павышаная нагрузка, гэта прыкметна нашым спецыялістам, але гэта ніяк не адбіваецца на карыстальніках — для іх усё працуе дакладна так, як і раней", — кажуць у прэс-службе міністэрства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.