Па назіральнікаў з Віцебска на ўчастак прыехалі "касманаўты"

Віцебскія "касманаўты" на месцы здарэння / Еўрарадыё
Віцебскія "касманаўты" на месцы здарэння / Еўрарадыё

5 жніўня на выбарчым участку, што знаходзіцца ў 25-й школе ў Віцебску, затрымалі чацвярых незалежных назіральнікаў ад ініцыятывы "Сумленныя людзі". Дырэктар школы адмовіўся пускаць назіральнікаў на ўчастак, а пазней і паспрабаваў выгнаць з будынка школы. Дыялог зайшоў у тупік, супрацоўнікі адміністрацыі школы націснулі на "трывожную кнопку". Праз пэўны час на месца прыбыў нарад міліцыі.

— Я зайшоў у памяшканне школы. Каля дзвярэй стаялі дырэктар і завуч і не пускалі нас унутр. Завуч спытала маё прозвішча, сказала, што мне нельга знаходзіцца ў школе, і папрасіла пакінуць памяшканне. Я сказаў, што я акрэдытаваны назіральнік і мне трэба на ўчастак. Яна ўсё роўна не пускала, — расказвае адзін з затрыманых назіральнікаў. — Мы сказалі, што хочам знаходзіцца тут, нягледзячы на тое, што мы не дапушчаныя. Мы ж маглі падлічваць, колькі людзей заходзіць на наш выбарчы ўчастак. Мы нават не ведалі, ці ёсць на ўчастку тры чалавекі назіральнікаў, якія лічацца ў спісах! Можа, нас наогул падманвалі?

Як аказалася, назіральнікі на ўчастку былі, усе трое — настаўнікі са школы. Я з імі пагаварыў, спытаў, ці не хоча хто-небудзь з іх памяняцца? Але ніхто не хацеў.

ЦВК Беларусі пад маркай складанай эпідэміялагічнай сітуацыі абмежавала колькасць назіральнікаў на ўчастку трыма ў дні датэрміновага галасавання і пяццю ў дзень выбараў. Незалежныя назіральнікі ў тройку не трапілі.

Дзяжурная група, якая прыехала па тэрміновым выкліку — міліцыянеры ў шлемах і бронекамізэльках, — выслухала абодва бакі. Але прыйшла да высновы, што як такога складу адміністрацыйнага правапарушэння няма. 

— Яны нават сталі раіць прадстаўнікам адміністрацыі школы, каб нам дазволілі знаходзіцца ў памяшканні школы. Але потым трывожная група выклікала прадстаўнікоў РАУС. Па прыездзе гэты міліцыянер адразу пайшоў кудысьці з дырэктарам школы. Пра што яны размаўлялі — я не ведаю. Напэўна, дамаўляліся, як будуць дзейнічаць.

Далей усіх чатырох назіральнікаў папрасілі праехаць у Першамайскі РАУС для разбору па распачатым у дачыненні да іх адміністрацыйным працэсе па артыкуле... 17.1 КаАП — дробнае хуліганства.

— У нас узяў тлумачэнне кіраўнік аддзела аховы правапарадку. Ён нас апытваў і складаў акт апытання. Мы ўсе прачыталі, я ў цэлым пагадзіўся і акт падпісаў. У выніку ў РАУС нам сказалі, што мы нічога не парушылі. У нас папрасілі прабачэння і нават сказалі, што патэлефануюць дырэктару, растлумачаць, што не трэба так рабіць, як яны зрабілі, — распавядае Еўрарадыё назіральнік.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі