Озі Осбарн атрымаў ключ ад курорта

Озі Осбарн (Ozzy Osbourne) стаў уладальнікам сімвалічных ключоў ад курортнага мястэчка Уэст-Палм-Біч у Фларыдзе.  Урачыстая цырымонія адбылася 26 лютага. Цікава, што сам рокер не мае ніякага дачынення да горада: нарадзіўся ён у англійскім Бірмінгеме, а жыве ў Лос-Анжэлесе (і нават ніводная з яго знакамітых выхадак ніякім чынам не звязаная з Фларыдай). Проста мэр мястэчка Луі Франкель (Lois Frankel) з'яўляецца вялікай прыхільніцай таленту Осбарна (у прыватнасці, тэлешоў "Сямейка Осбарнаў").

У адказ рокер заявіў, што быў бы не супраць вярнуцца гэтым летам у Палм-Біч са сваім фэстам Ozzfest, каб пацешыць яго грамадзян. Нягледзячы на аказаны давер і гасціннасць амерыканцаў, пара Осбарнаў усё ж плануе дажываць свой век ў роднай Англіі.

Апошнім часам Осбарны жылі на два дамы - у ЗША і Брытаніі, але нядаўна жонка музыкі Шэран прызналася, што яны ўжо добра стаміліся ад галівудскай мітусні і падумваюць назаўжды вярнуцца ў Брытанію.

Шэран дадала, што з пераездам звязаны і пэўныя праблемы. Напрыклад, дзеці Осбарнаў не жадаюць жыць у Англіі. "Але ў Брытаніі шануюць індывідуальнасць, а ў Амерыцы кожны жадае жыць гэтак жа як і ўсе астатнія. Напрыклад, у Лос-Анжэлесе лічыцца злачынствам мець лішнюю вагу. Калі ты наркаман, то людзям шкада цябе, але калі ў цябе лішнія кілаграмы - яны глядзяць на цябе проста як на злачынцу!".

Калі сямейства Осбарнаў канчаткова пераедзе ў Англію пакуль невядома.

Фота: www.thehollywoodnews.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі