Някляеў загадзя падрыхтаваўся да сыходу ў падполле

Сваім учорашнім рашэннем суддзя Гаспадарчага суда Мінска Андрэй Аляшкевіч паставіў пад пагрозу легальнасць дзейнасці грамадскай кампаніі “Гавары праўду!”. Мілінкевіч раіць кампаніі шукаць магчымасці “ўзаконіцца”, а Дашкевіч — не звяртаць на легальнасць увагі.   Як учора паведамляла Еўрарадыё, суд задаволіў пазоў Мінгарвыканкама і прызнаў дамову аб арэндзе памяшкання паміж установай “Рух наперад” і ТАА “Ціна Влаці” нікчэмнай. Гэта, паводле словаў намесніцы дырэктара “Руху наперад” Ніны Пахлопка, спачатку прывядзе да скасавання дамовы аб арэндзе, потым — да страты юрыдычнага адрасу, а ў выніку — да пазбаўлення ліцэнзіі і закрыцця гэтай арганізацыі. Але рэч у тым, што менавіта “Рух наперад” з’ўляецца заснавальнікам кампаніі “Гавары праўду!”. І калі першая перастане існаваць, то другая страціць магчымасць легальнай дзейнасці.

Гэта выдатна разумее і лідэр ініцыятывы “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў.

Уладзімір Някляеў:
“Зразумела, што яны зрабілі: гэта будзе дзейнасць ад імя незарэгістраванай кампаніі. За дзейнасць ад імя незарэгістраванай кампаніі бяруць у пастарунак і садзяць адразу. Прычым, незалежна ад таго, што ты будзеш ад імя гэтай незарэгістраванай кампаніі рабіць — ці крычаць нешта супраць улады, ці — за ўладу, ці вершы чытаць, ці вішні абіраць. Гэтага яны хацелі дасягнуць і дасягнулі”.



Праўда, кажа, калі ўзгадаць, у якіх умовах працавала кампанія апошнім часам, то розніцу паміж легальнай і нелегальнай дзейнасцю заўважыць цяжка.

Уладзімір Някляеў: “Ці зарэгістраваныя мы, ці незарэгістраваныя — нас затрымліваюць. Ці машыну мы “ўганяем” у некага, ці яшчэ нешта прыдумляюць. Па сутнасці, мы і так дзейнічаем ва ўмовах, калі закон нас успрымае, як незаконную арганізацыю. Таму асаблівых зменаў у нашай дзейнасці гэта пастанова не прынясе”.

Лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч паспачуваў калегу з нагоды магчымай страты легальнасці і параіў шукаць магчымасці “ўзаконіцца”.

Аляксандр Мілінкевіч: “Лепш дзейнічаць, калі ты зарэгістраваны і калі ты дзейнічаеш паводле законаў, а не ў падполлі. Эфектыўнасць напэўна лепшая. Менш страху супрацоўнічаць з намі. Лепш легальны стан, чым нелегальны стан”.

У той жа час параіў не рабіць трагедыі, калі легалізавацца не ўдасца.

Аляксандр Мілінкевіч: “Не трэба рабіць трагедыю з таго, што няма рэгістрацыі. У Беларусі вялікая колькасць арганізацый, якія знаходзяцца ў стане бясконцай рэгістрацыі. Мы ведаем гэтыя арганізацыі, яны выдатна працуюць. Таму адчаю ніякага не можа быць — аўтарытарны рэжым! Таму — поўны ход наперад!”.



Моладзевая арганізацыя “Малады фронт” зарэгістраваная ў Чэхіі. Але сем спробаў атрымаць рэгістрацыю ў Беларусі станоўчага выніка не прынеслі. І лідэр “МФ” Зміцер Дашкевіч параіў “не замарочвацца” спробамі легалізавацца.

Зміцер Дашкевіч:
“Парада можа быць адна і простая — ісці да канца. Досвед маладафронтаўцаў сведчыць пра тое, што такая стратэгія дае вынік і плён. Калі людзі цвёрда стаяць на тых ідэях, якія спавядаюць, і гатовыя дзеля гэтых ідэяў ахвяраваць сабой, ніякі рэжым не перашкодзіць іхняй працы”.

Праўда, сярод вынікаў такой стратэгіі — больш як 50 крымінальных спраў за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі і 11 асуджаных да зняволення актывістаў “Маладога фронту”.
.
Някляеў, безумоўна, чалавек ідэйны. Але і разумны. Менавіта таму ён пачаў рыхтавацца да страты легальнасці кампаніяй “Гавары праўду!” яшчэ некалькі тыдняў таму — напярэдадні першага суда паміж установай “Рух наперад” і Мінгарвыканкамам.

Уладзімір Някляеў: “Ёсць у нас юрысты, яны працуюць над гэтым. У нас было гэта напрацавана і да першага суда. Ніхто ж не чакаў, што на першым судзе адбудзецца тое, што адбылося. Зарэгіструем нейкую іншую арганізацыю — “Вішня і верш”, напрыклад, і будзем працаваць”.

І ўжо ў панядзелак актывісты “Гавары праўду!” пачнуць збіраць подпісы за тое, каб “накіраваць” Някляева на Ўсебеларускі сход.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі