Нядзельны Марш Герояў: анлайн

Нядзельны Марш Герояў: анлайн

13 верасня ў цэнтры Мінска і іншых беларускіх гарадоў адбываецца традыцыйны нядзельны Марш. Гэтым разам Марш Герояў. Бо ўсе беларусы, якія мірна змагаюцца за свае правы і больш за месяц выходзяць на вуліцы нягледзячы на гвалт і затрыманні з боку сілавікоў — чым не героі?

Прадказальна, спецтэхніка пачала сцягвацца ў горад ад самай раніцы. Прадказальна, плошчы Незалежнасці і Кастрычніцкую закрылі для транспарту, ачапілі металічнымі ранкамі і калючым дротам. А людзей пачалі жорстка затрымліваць, як і ў мінулую нядзелю, на раёнах. Вось так, напрыклад, гэта адбываалася на праспекце Дзяржынскага.

14:30

Вялікія і малыя калоны пратэстоўцаў у розных бакоў Мінска ідуць у бок Нямігі. Праспект Незалежнасці перакрыты, і там сілавікі спрабуюць раздзяліць вялікую калону. Журналісты паведамляюць пра хапун. 

У раёне Якуба Коласа таксама не ўсё ціха. Пацярпела кавярня "Зерно" — падчас затрыманняў яна была заблакаваная сілавікамі, пасля гэтага на вуліцы засталіся перавернутыя столікі і пабіты посуд.

У раёне ТЦ "Гарерэя" на праспекце Пераможцаў сабралося некалькі соцен чалавек. Яны скандуюць: "Гэта наш горад!". Відавочцы пішуць Еўрарадыё, што будынак ачэплены АПАМам, там таксама дабываюцца затрыманні.

15:00

У горадзе вельмі шмат сілавікоў. Яны не даюць пратэстоўцам сабрацца ў вялікую калону. Праваахоўнікі спрабуюць рассеяць групы пратэстоўцаў, якія ідуць з боку спальных раёнаў у цэнтр горада. Частку людзей затрымліваюць. У цэнтр сагналі спецтэхніку. Частка цэнтральных плошчаў абгароджана, іх ачапілі салдаты. Ачапленне стаіць і каля стэлы.

Акрамя Мінска, акцыі пратэсту праходзяць у Гродне, Гомелі, Лідзе, Бабруйску, Брэсце і Віцебску. Там сабралася ад некалькіх дзясяткаў і сотняў да некалькіх тысяч чалавек.

Пра праблемы з інтэрнетам зноў шчыра паведаміў мабільны аператар А1:

"У адпаведнасці з распараджэннем ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў 13 верасня на тэрыторыі Мінска зніжана прапускная здольнасць мабільнага інтэрнэту. Выкананне дадзенага патрабавання вядзе да істотнага пагаршэння якасці сэрвісу перадачы дадзеных або часовай недаступнасці паслугі. Аб аднаўленні карэктнага доступу будзе паведамлена, як толькі гэта стане магчымым. Спадзяемся на хуткае аднаўленне абслугоўвання".

Закрыты станцыі метро "Плошча Леніна", "Кастрычніцкая", "Купалаўская", "Плошча Перамогі", "Плошча Якуба Коласа", "Няміга", "Фрунзенская". 

На праспекце Пераможцаў сабралася каля 10 тысяч чалавек. Людзі ідуць у бок стэлы, дзе ўжо знаходзіцца некалькі тысяч пратэстоўцаў.

Брэст таксама выйшаў на вуліцы! Вось як выглядае гэты сонечны горад сёння.

У Гродне па цэнтры горада ідзе шматтысячная калона.

А вось у Віцебску ўсё зусім не мірна. Пратэстоўцаў жорстка затрымліваюць сілавікі.

15:30

Шматтысячная калона, якая сабралася ля "Каскаду" і якую сілавікі не пусцілі на праспект Пераможцаў, злілася з яшчэ адной шматлюднай калонай з вуліцы Кальварыйскай і рухаецца ў бок метро "Пушкінская. 

"Людзей проста мора, больш, чым тыдзень таму", — перадае карэспандэнт Еўрарадыё.

16:30

Спецтэхніка сцягваецца ў раён Драздоў і "Мінск-Арэны", паколькі туды рухаюцца пратэстоўцы. Першыя затрыманні каля "Арэна-Сіці" адбыліся гадзіну таму. Карэспандэнт Еўрарадыё стаў сведкам, як АМАПаўцы завялі ў аўтазак як мінімум двух чалавек. Астатніх пераконвалі разысціся.


Паводле ацэнак журналістаў і відавочцаў, у сённяшняй акцыі ўдзельнічае больш за 100 тысяч чалавек. Але МУС налічыла ўсяго толькі тры тысячы, і тое па ўсёй рэспубліцы.


Шматтысячная калона, якая рухалася з боку Кальварыйскай, дайшла да праспекта Пушкіна. На Маршы з'явіліся антыпуцінскія плакаты — бо заўтра Лукашэнка ляціць у Сочы на асабістую сустрэчу з расійскім лідарам. "Пуцін, не хапай — падавішся", папярэджваюць беларусы.


Глядзіце, як шмат людзей было ў калоне на вуліцы Ціміразева.

На вуліцы Нававіленскай калона пратэстоўцаў сустрэлася з ўзброенымі сілавікамі. Гэта было так:

16:45

Пратэстоўцы выйшлі на праспект Пераможцаў ля футбольнага манежа. Акружаны кардонам сілавікоў Палац незалежнасці, куды прыходзілі ўдзельнікі акцыі ў мінулыя выхадныя, застаўся ззаду.

17:00

Праваабарончы цэнтр "Вясна" паведамляе імёны больш за 100 затрыманых у Мінску. Сумныя навіны прыходзяць з Гродна — там зноў адбываюцца брутальныя затрыманні, як і тыдзень таму.

Шматтысячная калона удзельнікаў Маршу Герояў дайшла да "Мінск-Арэны", паведамляюць карэспандэнты Еўрарадыё. Пратэстоўцы і сілавікі стаяць зусім блізка адзін ад аднаго. 

Нядзельны Марш Герояў: анлайн
Нядзельны Марш Герояў: анлайн

18:30

У Брэсце пратэстоўцаў разганялі сілавікі з агнястрэламі ў руках. Людзей ганялі па дварах і выносілі адтуль у аўтазакі. СМІ паведамляюць пра адзінкавыя затрыманні ўдзельнікаў маршу ў Гомелі.

Пасля таго, як сілавікі перакрылі праспект Пераможцаў ля "Мінск-Арэны", пратэстоўцы пачалі разыходзіцца ў розныя бакі. Тых, хто вяртаўся дадому па вуліцы Нарачанскай і Драздамі чакаў жорсткі хапун. Частка пратэстоўцаў на зваротным шляху раздзялілася — адны пайшлі да Стэлы, іншыя — на Пушкінскую. 

Нядзельны Марш Герояў: анлайн
Дразды да разгону пратэстоўцаў / Еўрарадыё

ТГ-канал "Белые халаты" паведамляе пра затрыманне на Маршы Герояў пяці дактароў: Аляксандра Марозава, Стася Салаўя, Антона Блатуна, Улада Загарэя і Вольгі Садоўскай.

Як перадае карэспандэнт Еўрарадыё, зараз у раёне метро "Пушкінская" пануе атмасфера свята.

19:30


На "Пушкінскай", дзе пачалі разыходзіцца пратэстоўцы, пачаліся затрыманні. Пад хапун трапляюць таксама звычайныя людзі, якія проста чакалі транспарт на прыпынку.

Тым часам МУС паведамляе, што толькі ў Мінску сёння затрымана больш за 400 чалавек. Таксама міліцыя прызнала выкарыстанне агнястрэльнай зброі падчас Марша Герояў.

"Супрацоўнікі міліцыі затрымлівалі некалькі актыўных удзельнікаў на праспекце Пераможцаў. У гэты час іншыя людзі з пратэстнай акцыі, не менш за сто чалавек, спрабавалі іх адбіць. Для стрымання незаконных дзеянняў быў зроблены папераджальны стрэл у паветра з помпавай стрэльбы".

20:00

З "Пушкинскай" з'ехалі сілавікі. Людзі запальваюць свечы каля мемарыяла першай ахвяры пратэстаў Аляксандра Тарайкоўскага.

Нядзельны Марш Герояў: анлайн

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі