Новая берлінская сцяна паўстала падчас канцэрта U2 у Берліне

Гледачы, што прыйшлі на бясплатны канцэрт, які гурт U2 даў з нагоды 20-годдзя падзення Берлінскай сцяны, не змаглі ўбачыць выступ, паведамляе AP. Арганізатары імпрэзы паставілі побач з Брандэнбургскай брамай загароду, якая не дазваляла ўбачыць шоў людзям без спецыяльных квіткоў.

Каля 10 тысяч бясплатных квіткоў на канцэрт каманды распаўсюджваліся праз інтэрнэт, аднак скончыліся на працягу трох гадзін. Шматлікія прыхільнікі, якія прыйшлі паслухаць U2, убачылі іронію ў тым, што да шоў, якое прымеркавана да падзення Берлінскай сцяны, у горадзе пабудавалі новую сцяну. Гэта выклікала шматлікія негатыўныя водгукі з боку простых грамадзян і нямецкіх палітыкаў.

Музыкі выканалі шэсць песень, аднак тэлеканал MTV, які арганізаваў выступ, перадаў пасля ў сваім эфіры толькі адну з іх.

U2 прыехалі ў Берлін пасля таго, як скончылася паўночнаамерыканская частка іх тура "360" у падтрымку альбома "No Line On The Horizon". Турнэ працягнецца ў 2010 годзе.

Фота: www.ewallpapers.eu

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі