Праваабаронцам "Вясны" абвінавачванне запрасіла тэрміны ад 9 да 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму: для нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага — 12 гадоў, для Валянціна Стэфановіча — 11 гадоў, для Уладзіміра Лабковіча — 9 гадоў, для праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва, якога судзяць завочна — 10 гадоў калоніі.
Пракурор Аляксандр Кароль лічыць, што віна праваабаронцаў у "кантрабандзе арганізаванай групай" і "фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" цалкам даказаная. Як вядома, палітвязні сваёй віны не прызнаюць. Іх пераследуюць за дапамогу рэпрэсаваным беларусам.
Таксама пракурор прапанаваў аштрафаваць праваабаронцаў на 5 тысяч базавых велічыняў (185 тысяч рублёў) кожнага.
Крымінальная справа, якая складаецца з 284 тамоў, разглядалася судом Ленінскага раёна Мінска ў паскораным рэжыме — працэс пачаўся 5 студзеня. Палітвязні за кратамі з лета 2021-га.
