Neuro Dubel піша “Музыку для клиентов”, выдае трыб’ют і святкуе ДН

Новы альбом гурта “Neuro Dubel”, а таксама доўгачаканы трыб’ют легендзе беларускага року парадуюць прыхільнікаў каманды ўжо бліжэйшай восенню. Аляксандр Кулінковіч характарызуе новы альбом як адну з найбольш вясёлых пласцінак у гісторыі “Дзюбеляў”, якая стылістычна блізкая да амерыканскага панку.

Аляксандр Кулінковіч: “Гэты альбом будзе вясёлым. Магчыма, самай светлай плямай у “Дзюбелі”. У меру цяжкім будзе, бліжэй да амерыканскага панку схіляцца”.

Працоўных назвы у будучага альбома “Neuro Dubel” дзве – “Авторы правды” і “Музыка для клиентов”, аднак якая з іх у выніку пераможа, пакуль не вядома.

Аляксандр Кулінковіч:
“Назва альбома мне пакуль не вядомая. Я схіляюся да дзвюх назваў, якую з іх я абяру – не ведаю. Мне трэна будзе паслухаць агульны прадукт і ткнуць пальцам у тое, што мне падабаецца. Аднак, хутчэй за ўсё, альбом будзе называцца “Музыка для клиентов”.

У трыб’ют гурту “Neuro Dubel”, які рыхтуецца які мінімум ужо тры гады, па словах Кулінковіча, увойдуць каля 20 песень каманды у выкананні розных артыстаў, сярод якіх Зміцер Вайцюшкевіч, Лявон Вольскі, “Палац” і шмат маладых гуртоў. Галоўным крытэрыем, па якому адбіраліся песні ў трыб’ют, музыка называе непадобнасць да арыгіналу.

Аляксандр Кулінковіч: “Увогуле, ён будзе вельмі цікавым, на мой погляд. Я адбіраў песні, якія былі не падобнымі да арыгіналу, таму што дасылалі мне шмат усяго. Песні, якія былі блізкімі да арыгіналу, я адразу бракаваў. Галоўнае, каб максімум былі не падобнымі”.

Паводле Аляксандра, новы альбом і трыб’ют могуць быць прымеркаванымі да 21 дня нараджэння “Neuro Dubel”, які, нагадаем, гурт адзначае ў ліпені. Сёлета з нагоды ДН гурт збіраецца адыграць “сямейны канцэрт” у Jolly Rogger Cafe, які адбудзецца 22 ліпеня ў 20.00.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі