Неплацельшчыка злавілі праз "Одноклассники.ру"

Судовыя прыставы Краснаярскага краю знайшлі даўжніка пры дапамозе сацыяльнай сеткі «Одноклассники.ру». Як паведамляе Lenta.ru, нейкі ўладальнік крамы паводле рашэння суда павінен быў камунальным службам 111 тысяч расійскіх рублёў (каля 4620 долараў), аднак выплаціў толькі 70 тысяч запазычанасці і знік. Гэтага чалавека не змаглі знайсці ні па месцы працы, ні па пазначаным адрасе.

Зарэгістраванай маёмасці ў яго таксама не было. А вось акаўнт на «Одноклассники.ру» быў.

Апавяшчэнне, што распачынаецца судовая справа, неплацельшчыку адправілі праз сайт і па sms. Гэта азначае, што цяпер служба мае права пачаць спагнанні.
Прыставы сцвярджаюць, што дзякуючы «Аднакласнікам» яны плануюць адшукаць яшчэ некалькі даўжнікоў.

Адзначым, што дзякуючы электронным паведамленням і sms ужо было спагнана больш за 9 мільёнаў расійскіх рублёў з 32 даўжнікоў.

«Одноклассники.ру» — гэта адна з найбуйнейшых сацыяльных сетак Расіі. Усяго ў ёй зарэгістравана больш за 10 мільёнаў чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі