Вы тут

Найважнейшы матч паміж мінскім "Дынама" і БАТЭ пройдзе без заўзятараў

Мінскі стадыён "Дынама" / З архіву Reuters

Матч апошняга тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе паміж мінскім "Дынама" і БАТЭ пройдзе без заўзятараў, паведамляе прэс-служба барысаўчан. Ён прызначаны на суботу, 28 лістапада, пачнецца на мінскім стадыёне "Дынама" а 14-й гадзіне.

"Прычынамі нядопуску гледачоў на найважнейшае супрацьстаянне з'яўляюцца няпростая эпідэміялагічная сітуацыя і рэкамендацыі мясцовых органаў улады", — адзначае прэс-служба ФК БАТЭ. Тым заўзятарам, хто паспеў купіць квіткі, вернуць грошы.

Матч "Дынама" і БАТЭ сапраўды найважнейшы. Калі мінчукі змагаюцца за бронзавыя медалі, дык барысаўчане — за чэмпіёнства. Перамога ў суботнім матчы яго ім гарантуе. У БАТЭ цяпер 57 ачкоў, у "Шахцёра" — 56. У апошнім матчы гарнякі дома гуляюць з "Мінскам".

Магчымы "залаты матч" — у выпадку, калі БАТЭ і "Шахцёр" у выніку набяруць па 57 ачкоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.