Як настаўнікі ў Польшчы страйкавалі за прыбаўку да зарплаты — і прайгралі

Мітынг у падтрымку настаўнікаў / Reuters
Мітынг у падтрымку настаўнікаў / Reuters

27 красавіка скончылася трохтыднёвая забастоўка польскіх настаўнікаў. Яны патрабавалі павышэння зарплаты на 1000 злотых (238 еўра) — настолькі сярэдняя настаўніцкая зарплата ў Польшчы ніжэйшая за сярэдні заробак па краіне.

Страйк не выпадкова пачалі падчас выпускных экзаменаў. Іх у Польшчы прымаюць педагагічныя саветы, сабраць якія без пратэстуючых настаўнікаў аказалася немагчыма ў 80% школ. Але ўлады краіны пайшлі на беспрэцэдэнтныя меры: быў падрыхтаваны закон, па якім навучэнцаў можа атэстоўваць дырэктар школы або прадстаўнік, прызначаны мясцовым органам самакіравання.

25 красавіка закон быў зацверджаны Сеймам без адзінай папраўкі. У гэты ж дзень лідэр Саюза настаўнікаў Польшчы (ZNP) Славамір Броняж заявіў, што прафсаюз прыпыняе страйк "дзеля дабрабыту дзяцей". Настаўнікі прайгралі.

Как учителя в Польше бастовали за прибавку к зарплате — и проиграли
Reuters

У Беларусі разрыў паміж сярэднім заробкам у адукацыі (729,1 рубля) і ў эканоміцы ў цэлым (1056,9 рубля) таксама даволі вялікі: 327,8 рубля ці 138 еўра. Сярэдні заробак у беларускай адукацыі ненашмат большы за дадатак, якога патрабавалі польскія настаўнікі. Але беларускія настаўнікі не страйкуюць.

Еўрарадыё паразмаўляла з віцэ-прэзідэнтам ZNP Кшыштафам Башчынскім пра прычыны пратэстаў, здраду, стаўленне ўрада да настаўнікаў і стаўленне настаўнікаў да сваёй працы — за тыя грошы, якія гатовы плаціць ім урад.

Гульня, каб паказаць, што нешта робіцца

Еўрарадыё: 11,6% палякаў лічаць, што страйк выйграў ZNP, 32,1% — што пераможцам выйшаў урад. Як вы лічыце, хто перамог?

Кшыштаф Башчынскі: Я б увогуле не ацэньваў гэты страйк з пазіцыі, хто выйграў, а хто прайграў. Па-першае, мы не скончылі забастоўку, а прыпынілі. Па-другое, пра вынікі можна будзе меркаваць, калі будзе прыняты закон "Аб карце настаўніка". А яго б не было, калі б не страйк. Гэтак жа мы ўпэўненыя, што не было б і павышэння заробку на 9,6%, на якое ўсё ж пайшоў урад. А самая галоўная каштоўнасць нашага пратэсту заключаецца ў тым, што мы паказалі еднасць нашай супольнасці. І я перакананы, што гэтая еднасць будзе расці.

Яшчэ адна важная рэч — дзякуючы страйку была паднятая тэма стану польскай сістэмы адукацыі. Адказна заяўляю: яшчэ ніколі, як у тыя дні, пра гэта не казалі так шмат. І мы заявілі аб правядзенні ў чэрвені круглага стала, дзе будуць абмяркоўвацца самыя розныя тэмы. Не толькі павышэнне заробкаў, але павышэнне расходаў на адукацыю ў прынцыпе, навучальныя праграмы, памяншэнне бюракратыі.


 

Как учителя в Польше бастовали за прибавку к зарплате — и проиграли
Кшыштаф Башчынскі / fakty.interia.pl

Еўрарадыё: Але ж 26 красавіка па ініцыятыве прэм'ер-міністра Польшчы ўжо прайшоў адзін круглы стол — на Нацыянальным стадыёне!

Кшыштаф Башчынскі: Мы лічым гэта фарсам.

Еўрарадыё: Чаму вы адмовіліся ад удзелу? Вашы апаненты казалі, што, маўляў, вам не падабаецца стадыён, а там нават кангрэс NATO праходзіў.

Кшыштаф Башчынскі: Мы адмовіліся не праз месца правядзення. Калі было заяўлена аб правядзенні круглага стала, мы былі за. Але змянілі пазіцыю, калі выявілася, што на яго падрыхтоўку ёсць ўсяго тыдзень. Я сам задаваў пытанні міністру адукацыі: "Ну добра, вы вырашылі правесці такую ​​дыскусію. А хто будзе яе мадэратарам? Колькі часу яна зойме?" — і міністр не адказала! Удзельнікі круглага стала адбіраліся па незразумелым прынцыпе. Гэта была тыповая латарэя! Дыскусія для галачкі. Гульня, каб паказаць, што нешта робіцца.

ZNP створаны ў 1905 годзе, калі Польшча яшчэ была ў складзе Расіі, з мэтай барацьбы за польскую мову ў школах і выдання кніг на польскай мове. У 1920-я ZNP распрацаваў так званую "Карту настаўніка", якая да гэтага часу з'яўляецца базавым дакументам аб правах і абавязках школьных выкладчыкаў.

Сёння ZNP — самая вялікая прафсаюзная арганізацыя не толькі ў сістэме адукацыі Польшчы, але і сярод іншых галіновых прафсаюзаў краіны. Арганізацыя аб'ядноўвае 250 тысяч чалавек. Яна фінансава незалежная — існуе на членскія ўнёскі.

Кожны настаўнік баставаў за свой кошт

Еўрарадыё: Настаўнікі ў Познані назвалі рашэнне ZNP аб прыпыненні страйку здрадай.

Кшыштаф Башчынскі: Рашэнне аб прыпыненні страйку было надзвычай цяжкім. Яно прымалася на трох пасяджэннях прэзідыума. "Кропкай над і" стаў законапраект аб выпускных экзаменах. Тое, што яны зрабілі, гэта... супярэчыць нашым ідэям! Гэта мы, настаўнікі, адказваем за навучальны і выхаваўчы працэс, і гэта мы, настаўнікі, павінны ацэньваць веды вучня! Нельга экзамен ператвараць у фікцыю! А менавіта гэта і адбылося б, калі б мы не прыпынілі страйк.

А што тычыцца здрады... Для мяне здрадай стала тое, што зрабіла "Салідарнасць" [секцыя прафсаюза настаўнікаў, якая ўваходзіць у аб'яднанне прафсаюзаў "Салідарнасць", пагадзілася на павышэнне настаўніцкіх заробкаў на 9,6% — Еўрарадыё], падпісаўшы пагадненне з уладамі. Калі мы пазней прыходзілі на перамовы, нам увесь час ставілі гэта пагадненне ў прыклад: вось, маўляў, яны ж пагадзілася... Вось гэта здрада! А мы нікому не здраджвалі. Мы прыпынілі страйк, таму што, па-першае, павінны былі не дапусціць таго, што ўрад збіраўся зрабіць з экзаменамі, а па-другое, мы ацэньвалі становішча настаўнікаў.

Забастоўка рабілася ўсё больш дарагім заняткам, бо кожны настаўнік баставаў за свой кошт. Калі б мы бачылі хоць нейкую надзею, што ўрад пойдзе на саступкі... Але яе не было, і мы вырашылі змяніць тактыку: далучыць да сябе іншыя сацыяльныя групы і потым крэпка ўдарыць.

Как учителя в Польше бастовали за прибавку к зарплате — и проиграли
Reuters

Нельга знішчаць тое, што з'яўляецца сутнасцю

Еўрарадыё: Як бы праходзілі выпускныя экзамены, калі б вы працягнулі страйк?

Кшыштаф Башчынскі: Ацэнкі б выстаўляў дырэктар ці чалавек, прызначаны мясцовым органам самакіравання. Гэта значыць, што мая праца як настаўніка з вучнем не мела б ніякага значэння! Па-першае, узровень ведаў ацэньваў бы цалкам старонні чалавек. Па-другое, ацэнка адбывалася б на ўзроўні сярэдняга арыфметычнага значэння, а не праз прызму ўсіх гадоў яго навучання. Нельга знішчаць тое, што з'яўляецца сутнасцю выпускнога экзамену. Мы не маглі гэтага дапусціць. А ў іх была яшчэ і такая ідэя: выключыць вусны экзамен і пакінуць толькі пісьмовы!

Еўрарадыё: Вас сёння шмат крытыкуюць за тое, што вы абралі для забастоўкі час здачы выпускных экзаменаў. Вы разлічвалі, што страйк працягнецца два дні, а калі пачнуцца першыя экзамены, урад пойдзе на саступкі?

Кшыштаф Башчынскі: Можа, гэта наіўна, але мы верылі, што ўрад ацэніць сітуацыю сур'ёзна. Што калі чыноўнікі ўбачаць, што ў пратэсце гатова ўдзельнічаць каля 80% школ, дык пойдуць на нашы ўмовы. Але не было ніводнага кроку насустрач! Пра намер правесці страйк мы заявілі 10 студзеня, а першыя перамовы адбыліся толькі 25 сакавіка! І гэта пры тым, што мы пайшлі на саступкі: расклалі наша патрабаванне 1000 злотых на некалькі частак...

Адна мама расказала мне, што атрымала ліст ад дырэктара школы пра страйк, і ў гэтым лісце ў 7 сказах было 5 памылак, ад арфаграфічных да сінтаксічных. Ці ёсць гарантыя, пытаецца гэтая мама, што павышэнне зарплаты польскага настаўніка на тысячу злотых таксама паўплывае і на ўзровень пісьменнасці, і на эмпатыю ў адносінах да вучняў?

Как учителя в Польше бастовали за прибавку к зарплате — и проиграли
Reuters

Я разумею, што ў любой прафесіі ёсць геніі і ёсць людзі, якія не павінны ў ёй працаваць. Але! Каб у прафесію ішлі тыя, хто сапраўды хоча быць настаўнікам, яны павінны зарабляць. А сёння малады настаўнік атрымлівае 2 тысячы злотых (476 еўра). Вядома, ён не зацікаўлены ў сваёй працы!

На нядаўняй канферэнцыі партыі "Права і Справядлівасць" [кіруючая партыя ў Польшчы. — Еўрарадыё] яе лідар Яраслаў Качыньскі ўпершыню выказаўся пра страйк настаўнікаў. Але гэта было жахліва: "Паглядзіце, я абяцаў 500 злотых на [тое, каб завесці] карову, так адзін з настаўнікаў пераапрануўся ў карову!" Вы ведаеце, гэта проста аплявуху настаўніку. Гэта брыдка і зняважліва.

Еўрарадыё: Што вы будзеце рабіць далей?

Кшыштаф Башчынскі: Як я ўжо сказаў, мы рыхтуемся да сур'ёзнага круглага стала. І будзем рыхтавацца да больш магутнага ўдару. Мы хочам прыцягнуць да барацьбы не толькі настаўнікаў, але і прадстаўнікоў іншых прафесій. Гаворка ідзе пра будучыню нашых дзяцей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі