Вы тут

Нарвежскім біятланістам вярнулі бронзу змяшанай эстафеты чэмпіянату Еўропы

БЕЛТА

Нарвежскай камандзе біятланістаў вярнулі бронзавыя медалі змяшанай эстафеты чэмпіянату Еўропы. Такое рашэнне прыняло апеляцыйнае журы, перадае БЕЛТА.

Як распавядала Еўрарадыё, беларуская зборная, якая заняла на эстафеце чацвёртае месца, падала скаргу. Па іх словах, прадстаўнік нарвежскай каманды выштурхнуў з трасы нашага біятланіста Сяргея Бачарнікава. Гэта дазволіла нарвежцам заняць трэцяе месца ў спаборніцтвах. 

На карысць беларускай зборнай сведчыў прадстаўнік расійскай каманды. І таму спярша нарвежцаў пазбавілі бронзавага медаля, але іх каманда падала апеляцыю на гэтае рашэнне. 

Пасля дадатковага разгляду сітуацыі апеляцыйнае журы вырашыла падтрымаць скандынаваў і вярнула ім трэцяе месца. Згодна з правіламі спаборніцтваў IBU рашэнне Апеляцыйнага журы з'яўляецца канчатковым.

Сёння на чэмпіянаце Еўропы ў Раўбічах выходны дзень. У суботу, 29 лютага, пройдуць мужчынская (12:30) і жаночая (15:30) спрынтарскія гонкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.